Археалагічная навукова-музейная экспазіцыя

Экспазіцыя «Развіццё археалагічнай навукі ў Нацыянальнай
акадэміі навук Беларусі» пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі

Тэл.: +375 17 294-90-93,
e-mail: voitehowich@tut.by

Сучасная археалагічная навука з’яўляецца высокаразвітай галіной гістарычных ведаў і ў той жа час уяўляе значную цікавасць для іншых навук. Дадзеныя археалогіі і выяўленыя аб’екты выкарыстоўваюцца з мэтай прапаганды айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны. Археалагічныя матэрыялы з’яўляюцца найкаштоўнейшымі крыніцамі для палеабіялогіі, антрапалогіі, этнаграфіі і мастацтвазнаўства. Яны напаўняюць адпаведныя раздзелы экспазіцый шматлікіх музеяў на тэрыторыі Беларусі. Дзякуючы археолагам, створаны ўнікальныя музеефікаваныя археалагічныя аб’екты, таксама з іх удзелам выконваецца рэстаўрацыя помнікаў сярэдневечнай архітэктуры, што садзейнічае развіццю турызму ў Рэспубліцы Беларусь.

Беларуская археалогія годна прадстаўлена на розных міжнародных навуковых форумах, у тым ліку на кангрэсах Міжнароднай Уніі славянскай археалогіі. На сённяшні момант каардынуюцца дзеянні адпаведных кафедраў ВНУ Рэспублікі і аддзелаў музеяў і запаведнікаў, рыхтуюцца высокакваліфікаваныя навуковыя кадры, пашыраюцца і ўзмацняюцца меры па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Экспазіцыя адлюстроўвае гісторыю станаўлення археалагічнай навукі ў Беларусі і развіццё яе ў рамках Беларускай акадэміі ад часу яе ўзнікнення і да сённяшніх дзён. Паказвае структуру археалагічных падраздзяленняў і іх месца ў акадэмічных установах, удасканаленне методыкі даследаванняў, стварэнне і развіццё навуковых накірункаў, навуковыя дасягненні беларускіх археолагаў і іх прафесійны рост; міжнародныя сувязі беларускай археалагічнай навукі і спецыялістаў, падрыхтоўку археалагічных кадраў у Рэспубліцы.

Экспазіцыя адлюстроўвае гісторыю станаўлення археалагічнай навукі ў Беларусі і развіццё яе ў рамках Беларускай акадэміі ад часу яе ўзнікнення і да сённяшніх дзён. Паказвае структуру археалагічных падраздзяленняў і іх месца ў акадэмічных установах, удасканаленне методыкі даследаванняў, стварэнне і развіццё навуковых накірункаў, навуковыя дасягненні беларускіх археолагаў і іх прафесійны рост; міжнародныя сувязі беларускай археалагічнай навукі і спецыялістаў, падрыхтоўку археалагічных кадраў у Рэспубліцы.

Задача экспазіцыі складаецца ў комплексным прадстаўленні навуковай і навучальнай інфармацыі з акцэнтам на найноўшыя дасягненні, ілюстрацыі ўдасканалення методыкі археалагічных даследаванняў. Улічваючы спецыфіку названай вышэй экспазіцыі, у ёй праз культуры і помнікі і пасродкам іх, а таксама праз асабісты ўклад даследчыкаў у развіццё навукі і вывучэнне прадмета даследавання будуць адлюстроўвацца дасягненні беларускай археалогіі. Матэрыялы экспазіцыі або асобных яе раздзелаў могуць выкарыстоўвацца пры падрыхтоўцы абагульняючых альбо спецыяльных прац па гісторыі археалагічнай навукі, падрыхтоўцы тэлевізійных перадач і тэлеўрокаў.

Асноўныя накірункі арганізацыі працы экспазіцыйнай залы

  • Данясенне ў даступнай форме інфармацыі пра станаўленне і развіццё археалагічнай навукі і аб усіх стадыях арганізацыі яе структуры; удасканаленне метадаў і методыкі даследчай працы, стварэнне новых навуковых накірункаў і пра найважнейшыя дасягненні археолагаў. Наглядная дэманстрацыя аб’ектаў і інфармацыі (карты, макеты, вітрыны, пано, відэаролікі і інш.).
  • Правядзенне тэматычных лекцый і семінараў з аспірантамі, студэнтамі, якія спецыялізуюцца па прадмеце “археалогія”, з дэманстрацыяй усіх відаў неабходнай нагляднай інфармацыі. Стварэнне спрыяльных умоў (з дапамогай мастацка-дызайнерскага рашэння) для навукова-даследчай працы навукоўцаў у памяшканні залы і забеспячэнне доступу да навуковых фондаў (паводле інструкцыі).
  • Арганізацыя экскурсій для студэнтаў ВНУ, супрацоўнікаў, прыём навуковых замежных дэлегацый, якія прыбываюць для ўдзелу ў навуковых канферэнцыях, юбілейных імпрэзах; папулярызацыя айчыннай гістарычнай навукі.
  • Правядзенне лекцый-экскурсій для школьнікаў, ліцэістаў і гімназістаў з мэтай прафесійнай арыентацыі і папулярызацыі айчыннай гісторыі, фарміраванне патрыятызму і грамадзянскіх якасцяў падрастаючага пакалення.
  • Падрыхтоўка і правядзенне штогадовых выстаў – паказаў найноўшых археалагічных знаходак і выданняў (мастацка-дызайнерскае рашэнне падачы інфармацыі). Арганізацыя ўрачыстых мерапрыемстваў, звязаных з прысвячэннем у аспіранты, уручэнне дыпломаў, узнагарод, грамат. Правядзенне мерапрыемстваў да юбілейных дат навукоўцаў-гісторыкаў Беларусі, круглых сталоў па найважнейшых праблемах археалогіі.

Структура экспазіцыйнай залы

Па сваёй структуры экспазіцыя пабудавана па тэматыка-храналагічнаму прынцыпу і падзяляецца на 6 (шэсць) раздзелаў. Кожнаму з іх адводзіцца асобная частка залы або асобны адсек, які ўтвораны дэкаратыўнымі перагародкамі і злучанымі анфіладнымі праходамі. Выставачныя асноўныя кампаненты выкананы з сучасных матэрыялаў з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій, светлавых і каляровых рашэнняў.

Раздзелы 2 і 3 экспазіцыі прысвечаны вывучэнню першабытнаабшчыннага перыяду (археалогія каменнага, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў); раздзелы 4 і 5 адлюстроўваюць развіццё археалогіі сярэдневечнага перыяду (VI-XIII і XIV-XVIII стст.); раздзел 6 прысвечаны праблеме падрыхтоўкі навуковых кадраў па археалогіі праз аспірантуру і дактарантуру, у ім таксама прадугледжана наяўнасць выставы, якая перыядычна абнаўляецца, з інфармацыяй аб найболей цікавых выніках працы археолагаў мінулага палявога сезона і найноўшых публікацыях.

Тэматыка кожнага раздзела будзе адкрывацца наведвальнікам праз дакументы, друкаваную прадукцыю, найболей характэрныя і значныя археалагічныя знаходкі, а таксама праз выкананыя на электронных носьбітах графічныя аб’ёмныя рэканструкцыі. Магчыма паданне некаторых унікальных прадметаў, якія адсутнічаюць у цяперашні час, у зборах і калекцыях Інстытута гісторыі праз галаграмы.