Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі

Самастойнае навукова-метадычнае
падраздзяленне па працы з дакументамі Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, якое дзейнічае пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Створаны ў пачатку 1930-х гг.
Па стане на 2016 г. налічвае 109 фондаў і 56784 адзінак захоўвання.
Адрас: Інстытут гісторыі НАН Беларусі, 220072, Мінск, вул. Акадэмічная, 1,
пак. 221.
Тэл.: (+375 17) 284-22-87
e-mail: arhivnan@gmail.com

Загадчык архіва:
кандыдат гістарычных навук, дацент
Марына Уладзіміраўна Глеб
У архіве працуюць:
ст.н.с., к.г.н. Мядзведзева Вольга Уладзіміраўна;
м.н.с. Крэнт Дзмітрый Аляксандравіч;
м.н.с. Сыцько Кірыл Валер’евіч.


Відавы і класавы ахоп крыніц ЦНА НАН Беларусі прымушае здзіўляцца – тут прадстаўлена амаль уся іх разнастайнасць, вядомая навукоўцам у галіне крыніцазнаўства. Гэта, у тым ліку, і больш за 20 тысяч асабістых спраў такіх выбітных беларускіх навукоўцаў, як прэзідэнты АН БССР К.В. Гораў і В.Ф. Купрэвіч, класікі нацыянальнай літаратуры Я. Колас (К.М. Міцкевіч), К. Крапіва (К.К. Атраховіч), прафесары У.І. Пічэта, М.М. Нікольскі,
Л.С. Абэцэдарскі, і многія іншыя.
У фондах архіва сабраны: арганізацыйна-распарадчая дакументацыя; дакументы, якія адлюстроўваюць сувязі акадэміі з замежжам; пратаколы паседжанняў вучоных саветаў: гадавыя і пяцігадовыя планы навукова-даследчых работ; гадавыя справаздачы аб дзейнасці ўстаноў; дакументы аб падрыхтоўцы навуковых кадраў; праэкты; тэксты дысертацый; рукапісы навуковых прац і інш. Перададзены ў архіў крыніцы па гісторыі Першага з’езда вучоных Беларусі, матэрыялы аб розных інавацыйных і высокатэхналагічных праграмах і праектах. Асабліва багатым інфармацыйным полем, датычным гісторыі даследавання беларускіх старажытнасцей, з’яўляецца фонд археалагічнай навуковай дакументацыі, які налічвае больш за 3000 адзінак захоўвання.
У цяперашні час значна актывізавана работа па выкананні прыярытэтнага напрамку дзейнасці Архіва – падрыхтоўцы да публікацыі архіўных дакументаў, стварэнні фонда карыстання найбольш старых і каштоўных дакументаў, ўкараненні аўтаматызаванай інфармацыйна-пошукавай сістэмы архіва і аглядаў архіўных дакументаў, правядзенні інфармацыйных мерапрыемстваў і арганізацыі выставаў, вывучэнні гісторыі беларускай навукі ў цэлым.
У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі дзейнічае адзіны ў краіне Фонд археалагічнай навуковай дакументацыі, які з 2014 г. перададзены ў падпарадкаванне Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі (ФАНД), а таксама бібліятэка навуковай літаратуры аддзелаў археалогіі. У ФАНД захоўваецца звыш 3000 справаздач аб археалагічных даследаваннях на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з 20-х гадоў ХХ ст. і да сучаснасці. Гэта штогадовыя справаздачы аб археалагічных раскопках і разведках беларускіх археолагаў, копіі справаздач расійскіх археолагаў і археолагаў Навукова-вытворчага аб’яднання «Бел рэстаўрацыя», планавыя тэмы па навукова-даследчай працы, рукапісы манаграфій і тэзісаў дакладаў, апытальныя лісты, калекцыйныя і інвентарныя вопісы, палявыя дзённікі, спісы помнікаў, пратаколы пасяджэнняў археалагічных аддзелаў, навукова-тэхнічныя і іншыя матэрыялы. Кожны год ФАНД папаўняецца на 80–100 адзінак.
Наладжана цеснае супрацоўніцтва па абмену літаратурай з навуковымі інстытутамі, музеямі, універсітэтамі і іншымі ўстановамі археалагічнага профілю Беларусі, Расіі, Казахстана, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі і іншых краін.