Воспоминания о моей матери
<< Вернуться к предыдущей статье | |
<< ВЕРНУТЬСЯ В НАРОДНУЮ ЛЕТОПИСЬ |
Настаўнік гісторыі
Людміла Мікалаеўна Лапата (Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобл.) |
– Калі нашу тэрыторыю захапілі фашысты, маладыя хлопцы вескі Явар вырашылі стварыць падпольную арганізацыю, каб дапамагаць партызанам. У шасці кіламетрах ад вёскі быў нямецкі гарнізон. Пад выглядам таго, што трэба там каго-небудзь наведаць ці штосьці купіць, хлопцы збіралі звесткі аб немцах і перадавалі іх партызанам. Сярод падпольшчыкаў быў і мой брат Канстанцін. Як я даведалася пасля вайны, ён быў намеснікам кіраўніка падпольнай арганізацыі. Дарэчы, сама я добра не ведала, чым займаліся падпольшчыкі, я не была ў гэтай арганізацыі.
Аднойчы немцы вырашылі стварыць з моладзі вескі атрад РОА (Рускай вызваленчай арміі). Тады хлопцы з сямі сем’яў у адну ноч пайшлі ў лес да партызанаў.
Немцаў у вёсцы не было, яны былі тут наездамі, затое былі паліцаі, якія стараліся выслужыцца перад гаспадарамі. Калі хлопцы пайшлі ў партызаны, паліцаі як з ланцуга сарваліся. Як яны лютавалі! Адзін з іх вывеў з хаты маму, стараўся дапытацца, дзе «бандыт». Але ж яна нічога не ведала. Паліцай ужо прыцэліўся і хацеў страляць, але тут на надворак зайшоў немец. Ён стаў злосна, моцна штосьці гаварыць. Было зразумела, то ён сварыўся на паліцая. Той апусціў вінтоўку і пайшоў са двара. Так было выратавана жыццё мамы. Сем’і не расстралялі, але з кожнай сям’і кагосьці забралі. З нашай сям’і гэта была я. Нам сказалі, за тое, што «бандыты» пайшлі ў партызаны, іх павязуць у Германію. Колькі было слез! Са мной развітваліся назаўсёды, бо кожны думаў, што ніхто не вернецца дамоў з той Нямеччыны. Забралі нас у маі 1943 г. (Згодна даведкі Гродзенскага Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі ад 18 сакавіка 1993 г № Н – 2048 – 25 мая 1943 г.). Нас павезлі спачатку ў Казлоўшчыну, затым у Слонім. Там пагрузілі ў вагоны, у якіх перавозілі жывелу. Так пачаўся шлях у невядомае, страшнае.
Ганна Мікалаеўна Лакіза з дачкой Людмілай (Людмілай Мікалаеўнай Лапатай)
У вагоны набівалі многа народу. Добра, калі знаходзілася месца каля сцяны, там дыхаць было лягчэй, ды і праз шчылінку можна было што-небудзь убачыць. Спачатку елі тое, што ўзялі з дому. Але хапіла гэтага ненадоўга. Затым кармілі так, каб не памерлі з голаду. Не хапала нават вады. Спыняліся нячаста. Калі ўжо ехалі па Германіі, то ніколі не спыняліся на станцыях, у гарадах.
З гэтага эшалона нас выгрузілі каля якогасьці нямецкага мястэчка і далей пагналі пешшу. Як пасля мы даведаліся, гэта быў раённы цэнтр Гезахт Гамбургскай вобласці. Прайшлі некалькі кіламетраў і ўбачылі баракі, абкружаныя калючым дротам. Там нас і пасялілі. Тут жылі і рускія, і ўкраінцы, і беларусы. Былі чэхі, харваты, палякі. Ва ўсіх на рукаве быў знак «Ост». У кожнага быў свой нумар. Мой нумар быў 4176.
Працавалі мы на ваенным заводзе. Гэта ваенны завод Крумель. Завод поўнасцю знаходзіўся пад зямлей, Зверху рос лес. Працаваў завод круглыя суткі, у некалькі змен. Праца была арганізавана так.
Доўгі канвеер, за якім мы і сядзелі. Па канвееры паўзуць снарады, гранаты. У снарады трэба было насыпаць узрыўчатку, а ў ручку гранаты да шоўкавай ніткі трэба было прымацаваць невялікую пацерку, якая была патрэбна, каб граната ўзарвалася. Без гэтай пацеркі граната – пустая бляшанка. Як мы потым даведаліся. працавалі з намі і французы, але жылі яны ў пасёлку, былі свабоднымі. Наглядчыкамі за намі былі пажылыя немцы, якія не маглі служыць у арміі, а таксама пажылыя немкі.
Спачатку было вельмі цяжка. Працавалі дванаццаць гадзін. Асабліва цяжка было ноччу. Днем адчынялі дзверы, таму дыхаць было лягчэй, а ноччу з мэтай маскіроўкі ўсе было зачынена. За затрымку на канвееры білі, за смех білі, не спадабаўся позірк – білі. Усіх беларусаў, рускіх, украінцаў называлі толькі «русішэ швайнэ». Зімой прывозілі снарады такімі халоднымі, што на іх была шэрань. Я прымарозіла пальцы і пасля ўсе жыцце баялася нават невялікага холаду ў рукі.
Аднойчы на завод вярнулі пасля праверкі цэлы эшалон снарадаў. Але ж і лютавалі немцы! Білі чым трапляла і стараліся стукнуць балючэй. Спачатку дзяўчаты плакалі ад болю, а пасля дамовіліся не плакаць. Гэта яшчэ больш выводзіла наглядчыкаў.
Але нават і тут не скараліся людзі. Хлопцы навучылі дзяўчат, як шкодзіць немцам.
Мы не дасыпалі узрыўчатку ў снарады, а ў гранаты не прывязвалі вось гэтую самую пацерку. Ручку гранаты проста закручвалі, а пацеркі хавалі ў кішэні, а пасля скідвалі ва ўнітаз. Бывала, за змену ўдавалася некалькі кішэняў пацерак выкінуць. Гэта было вельмі небяспечна. За такое самае меншае – канцлагер. Але жаданне нашкодзіць немцам пераважала нават страх перад канцлагерам.
Кармілі ў лагеры зусім дрэнна. Міска баланды і кавалачак хлеба, вось і ўся ежа на суткі. Баланду варылі часцей з капусты. Часам трапляліся кавалачкі бульбы. Вельмі цяжка было спачатку, пастаянна хацелася есці. Пачалі прыстасоўвацца. Баланду з’ядалі без хлеба, а хлеб пакідалі, каб з’есці пазней. Праўда, калі працавалі, то давалі дапаўняльную ежу, каб не падалі ад голаду. Затое ў нядзелю не кармілі зусім. Вось тут і выручаў хлеб. Праўда, хаваць яго прыходзілася вельмі моцна, таму што баракі пастаянна правяраліся. Хавалі ў набітыя стружкамі матрасы, нават у брудную бялізну.Крыху лягчэй стала, калі пазнаеміліся з французамі. Яны прыносілі з волі кавалачкі хлеба і перадавалі іх нам. Пакуль былі на змене, хлеб хавалі ў шафках для вопраткі. А пасля яго трэба ж было вынесці. На прахадной вельмі часта таксама правяралі. Калі бачылі праверку, вярталіся назад, хаваліся і з’ядалі тут жа хлеб, бо добра ведалі: калі знойдуць – канцлагер…
Успамінала мама такія выпадкі…
З работы да лагера ішлі каля поля «баўэра». Аднойчы ён выкінуў адкрытую бочку сапсаванага селядца. З выгляду селядзец быў прыгожы, вельмі тлусты. Але пах у яго быў не вельмі добры. Ды на гэта ніхто не глядзеў, бо гэта ж была ежа! Праўда, немцы хутка, мабыць, заўважылі, што іх селядзец ядуць, і забралі бочку, а селядзец закапалі.
А то яшчэ адзін выпадак. Справа была перад Вялікаднем. Шлях да лагера ішоў міма склада. Убачылі, што там выбіта акно. Зазірнулі і ўбачалі недалека ад акна кучу сталовых буракоў. Адна дзяўчына перавесілася праз акно, яшчэ дзве трымалі яе за ногі, некалькі пільнавалі, каб хаця не ўбачылі немцы, і яна выкідвала буракі. Іх хуценька падбіралі, хавалі і неслі ў лагер. Назаўтра, на Вялікдзень, елі гэтыя сырыя буракі і плакалі.
Аднойчы прынеслі французы крыху мукі. Удалося пранесці яе ў барак і схаваць. Вырашылі напячы аладак. Справа была ў халодны час, таму палілася невялікая жалезная печка. Перамяшалі муку з вадой, паклалі цеста на невялічкую патэленку. Сядзім, чакаем. Забягае адна з нашых дзяўчат. Вочы перапалоханыя – «лагерфюрша» (наглядчыца ў лагеры) абход праводзіць! Што рабіць? Адна з дзяўчат хапае рукамі гарачую патэльню і разам з праснаком засоўвае яе ў дровы, якія ляжалі каля печкі. «Лагерфюрша» зайшла, панюхала паветра, але патэльню не знайшла. Праўда, рукі ў дзяўчыны былі ў апёках, але ж засталіся жывыя.
А то яшчэ выпадак. Прынеслі французы кансервы. Удалося перанесці іх у лагер. Усе, хто жыў у бараку, да нядзелі хадзілі шчаслівыя. А як жа: у нядзелю будзе сапраўдная ежа – кансервы з хлебам. Гэта ж сапраўдны пір! З нецярпеннем выставілі варту, каб папярэдзіла, калі будзе ісці «лагерфюрша». Адкрылі кансервы. Вельмі прыемны пах, зверху застыла жэле, а там… распластаныя лягушкі! Ніхто не змог іх есці. Добра, што знайшоўся ў другім бараку дзядок, які згадзіўся іх з’есці. Прыйшоў, еў і хваліў, але ніхто не адважыўся паспрабаваць.
Часам немцы праводзілі паказальныя пакаранні. Адзін з хлопцаў не вытрымаў голаду і штосьці скраў. Яго злавілі, спачатку адправілі ў канцлагер, а затым прывезлі ў лагер на павешанне. Гэта, каб астатнім было страшна. Сагналі ўсіх, хто не быў на рабоце. Тут жа, каля баракаў і павесілі. Плакаў, прасіўся, але хто ж яго паслухае…
Так прайшло амаль два гады. Вайна набліжалася да Германіі. З усходу наступалі савецкія салдаты, з захаду – войскі саюзнікаў. Вельмі часта чуліся выбухі ад бамбёжак. На заводзе ў начны час забаранялася адкрываць нават вокны. Але нішто ўжо не магло выратаваць немцаў. Усё часцей выла сірэна, якая папярэджвала аб паветраным налеце. Немцы кідалі работу і хаваліся ў бункеры, а мы з надзеяй паглядалі ў неба. Аднойчы ноччу страшэнныя выбухі скалыхнулі зямлю. Усе чакалі раніцы. Прыйшла пара ісці на работу. Звычайная сірэна не гудзела. Мы выйшлі з баракаў на вуліцу. Немцаў нідзе не было відаць. Пабрылі да завода.А замест лесу, пад якім быў завод, убачылі вялізныя ямы. Лес быў перамешаны з зямлей. Ямы былі такой глыбіні, што нават галава кружылася, калі глядзець уніз. Усе зразумелі, што прыйшла свабода. Абдымаліся, смяяліся і плакалі. Дажылі!..
Хутка да лагера пад’ехалі на машынах салдаты ў незнаёмай форме, якія размаўлялі на незнаемай мове. Яны смяяліся, працягвалі прадукты. Аказалася, што гэта англійскія салдаты. Раскінулі палявыя кухні, пачалі гатаваць ежу. Праўда, адразу давалі крыху ежы, каб галодныя людзі не захварэлі. Затое цяпер ежы хапала. Спачатку быў выдадзены загад аб тым, каб былыя вязні знаходзіліся за калючым дротам, бо хадзіць свабодна было небяспечна, у лясах і разбураных дамах хаваліся нямецкія салдаты, тэрыторыя магла быць замініравана. Так прайшло, можа, з тыдзень. Мы крыху асмялелі, пачалі выходзіць. Англічане ўжо не забаранялі выходзіць за агароджу. І тут здарыўся яшчэ адзін выпадак, які мог закончыцца вельмі дрэнна.
За полем, не вельмі далёка, мабыць, з кіламетр, была ферма нямецкага баўэра. Калі было ціха, з фермы чулася рыканне кароў. Дзяўчатам захацелася малака. Нікому нічога не сказаўшы, я і мая сяброўка пайшлі на тую ферму. Заходзім – а там каровы. Ды такія, якіх мы дома і не бачылі! Чорна-белыя, сытыя, чыстыя. У кожнай вялікае вымя, аж перапоўненае малаком. Калі пачыналі даіць кароў, то тыя аж рукі лізалі. Надаілі па вядры, пачалі здойваць кароў проста на зямлю. І раптам: «Хальт! Хэндэ хох!» Як агнём апякло – немцы! Некалькі чалавек, з аўтаматамі. Заставілі ўзяць вёдры і ісці за імі. Мы ўжо вырашылі, што гэта смерць наша прыйшла. Трэба ж, вайну перажылі, а тут прыдзецца з жыццём развітвацца. Непадалёку быў невялікі лясок. Прывялі нас туды, а там касцёр, каля яго каля дзясятка немцаў. Нас паставілі каля вогнішча, а самі паміж сабой пачалі гучна размаўляць. Відаць, спрачаліся. Некаторыя злосна паглядвалі на нас. За гады няволі мы крыху навучыліся разумець нямецкую мову і здагадваліся, што наша жыццё вісіць на валаску. Адзін са старэйшых афіцэраў у гэтай спрэчцы, відаць, перамог. У нас забралі малако, кожнай далі «пендэля» пад зад і адпусцілі. Не чуючы пад сабой ног і яшчэ не верачы ў сваё шчасце, спачатку крокам, а затым бягом памчаліся мы ў лагер. Калі расказалі аб тым, што з намі здарылася, такое пачулі… Тут жа адправілі групу салдат на пошукі немцаў, але там ужо нікога не было. Засталося толькі вогнішча. Вось вам і малако…
Калі немцаў поўнасцю знішчылі або ўзялі ў палон, дазволілі хадзіць і за лагерам, нават у пасёлак. Там было ціха і пуста. Большасць жыхароў уцяклі разам з салдатамі, якія адступалі.
Праз некаторы час рускіх, беларусаў, украінцаў перавезлі ў савецкую зону, а адтуль на машынах – на Радзіму. Перад адпраўкай усе прайшлі дзяржаўную праверку.
А дамоў вярнулася – даведалася, што ў Германію вывезлі ўсю сям’ю. Праўда, Гасподзь дапамог вярнуцца дамоў усім, што было вельмі рэдка.
Вайна… Сёння я ўпэўнена – у гэтым слове разбурэнне і боль, голад і страх. Вайна – гэта мужнасць і подзвігі, пакуты і бясконцае чаканне. Пакаленне, якое перажыло вайну, асаблівае. Гэта вытрывалыя, мужныя людзі. І няважна, дзе яны знаходзіліся, яны стараліся наблізіць перамогу!