Жизненные пути моего отца (Семён Николаевич Стома)

<< Вернуться к предыдущей статье
<< ВЕРНУТЬСЯ В НАРОДНУЮ ЛЕТОПИСЬ
Уладзімір Сямёнавіч Стома
Закончыў гістарычны факультэт
Мінскага педагагічнага інстытута
імя Максіма Горкага. Настаўнічаў.
Працаваў загадчыкам
Стаўбцоўскага раённага аддзела адукацыі

Майму бацьку, Сямёну Мікалаевічу Стоме, ідзе 95-ы год. Нарадзіўся ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. У вялікай сялянскай сям’і працавалі ўсе, таму з маленства вучыўся пасвіць каровы, умеў араць і касіць. Зімою хадзіў у школу. У 1939 годзе закончыў польскамоўную сямігодку, а пасля ўз’яднання БССР і Заходняй Беларусі паўторна прайшоў пяты і шосты класы савецкай школы.
Вучобу перарвала вайна. Жыў дома, дапамагаў бацьку па гаспадарцы. У сакавіку 1943 года меў намер далучыцца да партызан, прасіўся ў той самы атрад, у якім ваяваў старэйшы брат Коля. Але паколькі прыйшоў без зброі, у атрад не ўзялі. Разам з сябрамі-мікалаўцамі сталі дапамагаць партызанам: перадавалі адзенне, соль і іншыя неабходныя рэчы, сабіралі інфармацыю, падвозілі партызан на кані да месца баявых заданняў. У сакавіку 1943 г. далучыўся да партызанскага атрада.
Пасля вызвалення Стоўбцаў удалося раздабыць нямецкую вінтоўку. У Мікалаеўшчынскім сельсавеце яму і сябру Аляксандру Дземідовічу выдалі даведку на права насіць зброю, каб дапамагаць партызанам затрымліваць і дабіваць невялікія групоўкі фашыстаў, які ўжо адступалі.
28 ліпеня 1944 года быў прызваны ў шэрагі Чырвонай арміі. З прызваных разам з ім мікалаўцаў-аднавяскоўцаў у запасны полк патрапіла 86 чалавек, з іх 79 залічылі ў сапёрны батальён, а бацьку і яшчэ 6 чалавек 1925 года нараджэння — у стралковы полк.
У кастрычніку 1944 года 753-ы стралковы полк 192-й стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронта першым уступіў ва Усходнюю Прусію. Баі былі вельмі цяжкія і кровапралітныя — немцы адчувалі сваю немінучую пагібель. У надзвычайных умовах даводзілася вызваляць кожны метр. Нярэдка адзін і той горад некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі то варожых, то савецкіх салдат. Калі савецкае камандаванне вырашыла прыпыніць наступленне, салдаты капалі акопы, неслі баявое дзяжурства, у холадзе сядзелі пад дажджом. Але грэла надзея, што вайна ў хуткім часе закончыцца і вораг загіне ў сваім логаве.
Найцяжэй даводзілася пяхоце, калі на шляху былі нямецкія дзоты. Артылерыя накрыць іх не магла, і гэтую работу прыходзілася выконваць салдатам. Бацька з сябрам знішчылі нямецкі дзот і атрымалі падзяку ад камандзіра. Для гэтага таксама патрэбна была салдацкая кемлівасць: неабходна было пачакаць, пакуль у кулямётчыка закончыцца лента і ён пачне ставіць новую — у гэты час кідаюцца звязкі гранат у амбразуру і знішчаецца дзот.
Яшчэ адзін эпізод баявых дзеянняў застаўся ў памяці ветэрана. Іх узвод атрымаў заданне захапіць умацаваны нямецкі хутар. Падысці напрамую да хутара не было магчымасці. Камандзір вырашыў зайсці з левага фланга, але фашысты заўважылі і адкрылі артылерыйскі абстрэл. З ярасцю і жаданнем помсты салдаты рынуліся ў атаку. Бой быў кароткі і жорсткі. За некалькі хвілін хутар быў узяты. Дробнымі асколкамі снарада бацьку параніла ў грудзі, але, на шчасце, вялікай бяды не зрабілі. Чатырох ягоных сяброў-аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гэтым баі, пахавалі ў нямецкай зямлі. З сямі аднавяскоўцаў іхняй роты застаўся ваяваць толькі мой бацька.
Яшчэ адзін ваенны эпізод, за які бацька ўжо пасля вайны ў 1968 годы атрымаў ордэн Славы ІІІ ступені. Узвод, у якім было толькі 22 салдаты (з іх 13 навабранцы, што напярэдадні ноччу прыбылі на перадавую, а раніцою павінны былі ўступіць у першы свій бой), атрымаў заданне прарваць нямецкую абарону, захапіць мост праз невялікую, але надта глыбокую раку, і суткі ўтрымліваць яго, каб не даць немцам узарваць. Абарону прарвалі, мост захапілі, але жывымі засталіся толькі 4 салдаты. Ім патрэбна было ўтрымаць занятую пазіцыю. Немцы адкрылі артылерыйскі агонь — зялёны луг ля ракі стаў чорны. Вада некалькі разоў залівала акопчыкі адважных салдат. У такім пекле выжыць было цяжка. Але калі фашысты падымаліся ў атаку, іх сустракаў дружны кулямётны агонь. Суткі не еўшы, не спаўшы адбівалі нямецкія контратакі. Мост утрымалі, узарваць не далі.
У бітве за Кёнігсберг бацька быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Цяжкапаранены некалькі тыдняў лячыўся ў шпіталі ў Вільні, затым у горадзе Горкі. Пасля выпіскі накіравалі на нестраявую службу па наладжванні сувязі, дзе працаваў да лістапада 1946 года. Паўторна падлечваў раны ў шпіталі ў горадзе Смаленск. Са Смаленска прыбыў дамоў інвалідам вайны. Да цяперашняга часу носіць у лёгкіх вялікі асколак і штодзень перавязвае рану на назе, з якой выходзяць асколкі.
На фронце стаў камсамольцам, прысвоілі званне сяржанта, узнагародзілі. А самае важнае, што хоць пакалечаны, але жывы вярнуўся з вайны і змог выйсці ў людзі. Пасля вайны закончыў сярэднюю школу, завочна — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна. Быў загадчыкам хаты-чытальні, настаўнікам, дырэктарам школы, старшынёй калгаса. Але асноўная сфера — сістэма адукацыі, якой аддаў 50 гадоў працоўнай дзейнасці.
Заўсёды меў шмат грамадскіх абавязкаў: выступаў у школах, на мітынгах. Ганаровы ветэран Мінскай вобласці. Мае ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны І ступені, ордэн Славы ІІІ ступені, медалі.