Судьба родителей

<< Вернуться к предыдущей статье
<< ВЕРНУТЬСЯ В НАРОДНУЮ ЛЕТОПИСЬ
Старшыня Баранавіцкага
раённага савета ветэранаў
І. І. Лычкоўскі
(г. Баранавічы)

Слова «вайна» для усіх гучыць па-рознаму. Для адных, пераважна прадстаўнікоу маладого пакалення, — гэта кадры старой кінахронікі і ўражвальныя экспанаты з музеяў, для іншых — уласныя шчымлівыя ўспаміны, дзе горыч па загінулых цесна пераплялася з радасцю сустрэчы з роднымі, сябрамі, аднавяскоўцамі, якія вярнуліся з фронту…
Майго бацьку, Івана Патапавіча Лычкоўскага, 1912 года нараджэння, як адукаванага (яшчэ да вайны ён скончыў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут), але без вайсковай падрыхтоўкі ў 1939 годзе прызвалі на тэрміновую службу. Фотаздымак, дарэчы, зроблены як раз у гэтым годзе.
Армія, у склад якой уваходзіла 10-я Чырванасцяжная стралковая дывізія, дзе служыў бацька, знаходзілася ў той час у Латвіі ўздоўж новай мяжы. Там пачалі ўзводзіць абарончы рубеж (папярэдне ўзарваўшы па незразумела чыёй камандзе абарончы рубеж на старой мяжы). Таму 22 чэрвеня дывізія прыняла бой практычна на роўным месцы.
Для бацькі вайна пачалася якраз гэтым днём, у 4 раніцы, калі блізкім разрывам авіябомбы вынесла акно ў казарме, і яго, засыпанага шклом, знесла на падлогу. Немцы дакладна ведалі, што бамбяць штаб дывізіі, таму неўзабаве кіраванне было згублена, абарона ж уяўляла сабой не суцэльную лінію, а асобныя ўчасткі — і досыць хутка савецкія войскі вымушаны былі адступіць…
Адступленне працягвалася. Пад Рыгай рэшткі дывізіі былі акружаны і пасля ўпартага бою трапілі ў палон. Для іх пачалося жыццё, поўнае здзекаў, допытаў і катаванняў… Баракаў, як узгадваў бацька, на ўсіх не хапала, і палонных размяшчалі ў адкрытым полі, абгарадзіўшы тэрыторыю калючым дротам у некалькі радоў. Лета заканчвалася, і, каб хоць неяк сагрэцца, людзі па начах збіваліся ў вялізныя «табуны». Многія з палонных кашлялі, слабелі і дрэнна спраўляліся з дзённымі працамі, сілы якіх ледзь-ледзь падтрымлівала пустая баланда з некалькімі лісткамі капусты ды парай жменяў панцаку на ўвесь кацёл. Тых, хто зусім знясільваў, немцы забіралі з лагера, і іх ніхто ўжо больш не бачыў.
На валаску ад смерці аказаўся і бацька, у якога, мяркуючы па сімптомах, пачалася дызентэрыя. Даведзены да адчаю, ён падышоў жа пажылога ахоўніка, зняў апошнюю каштоўную рэч — наручны гадзіннік «Кіраўскі», які невядома якім цудам пры вобыску не забралі, і, як мог, жэстамі патлумачыу, што хворы і просіць за гадзіннік прынесці бохан хлеба. Той зразумеу, сказаў: «Гут». А назаўтра прынёс хлеб, які бацька ўмудрыуся разламаць і разрэзаць, высушыць і цягам некалькіх дзён харчавацца толькі гэтымі самаробнымі сухарамі. Магчыма, гэта яго і выратавала — хвароба адступіла.
За час палону бацьку некалькі разоў пераводзілі з аднаго лагера ў іншы, і падчас аднаго з такіх пераходаў ён разам з сябрамі вырашыў бегчы. Дачакаушыся, калі дарога пайшла праз лес, яны кінуліся наўцёкі, а за імі пабеглі яшчэ некалькі ваеннапалонных. Для аховы гэта стала нечаканасцю, і хоць немцы хутка ачомаліся і сталі страляць, кулі нікога са збеглых не зачапілі. Блукаючы па лесе, яны выйшлі на край поля, дзе працавала нейкая жанчына. Асцярожна загаварылі з ёй. Аказалася, што гэта руская, вывезеная на прымусовыя работы, а ў найбліжэйшай вёсцы месцяцца яшчэ французскія ваеннапалонныя. Уцекачы таемна папрасіліся да французаў у лагер пад выглядам «сваіх», але паколькі тых штораніцу і штовечар пералічвалі, на ноч савецкія салдаты мусілі шукаць іншага прытулку… Бацька ўспамінау, што іх сустрэлі ветліва, тут жа пераапранулі і далі берэты на галаву, толькі што заўважылі, маўляў, усё адно не вельмі падобны да француза, а вось яго сябар, чарнявы хлопец родам з Украіны, «амаль сапраўдны». Беглыя цэлы месяц прабылі ў французскім лагеры, дзе і ўмовы ўтрымання, і харчаванне былі зусім іншымі — на абед палонным давалі нават па 20 граммаў масла, якое па форме і аб’ёме нагадвала пачак ад запалак…
Але фронт набліжаўся, і французскіх палонных сталі рыхтаваць для перасылкі ўглыб Германіі, таму бацьку з таварышам давялося зноў сыходзіць у лес, дзе яны слухалі грымоты блізкіх баёў, а пры першай магчымасці здаліся савецкім войскам і трапілі ў фільтрацыйны лагер.
Дахаты тата вярнуўся толькі ў верасні 1945 года. Паколькі ўсю вайну пра яго нічога не было вядома, родзічы лічылі яго без вестак зніклым, а ў бацькоўскім доме жылі яго старэйшы брат з трыма дзецьмі і малодшая сястра — удава кадравага ваеннага з двумя малалетнімі сынамі. Да гонару жыхароў гэтай вёскі, у час акупацыі ніхто з іх не выдаў немцам, што тут жыве сям’я савецкага афіцера.
Бацька адшукаў маму, якая разам з маёй бабуляй знаходзілася ў эвакуацыі ў Мардовіі і працавала ў школе. Вырашылі ехаць разам на яе малую радзіму, у Баранавіцкую вобласць. У былым Гарадзішчанскім раёне тату прапанавалі ўзначаліць тады сямігадовую Сталовіцкую школу, што размяшчалася ў дзвюх драўляных будынінах, а малодшыя класы наогул былі раскіданы па ўсёй вёсцы ў арандаваных у людзей памяшканнях. Пры бацьку ў 1953 годзе ўзвялі, новы — двухпавярховы цагляны — школьны будынак, з электрычным асвятленнем замест ранейшых газовак з абажурамі, развешанымі пад столлю, з прасторнымі класамі. У 1956 годзе адбыўся першы школьны выпуск, а сама яна вырасла з сямігодкі да сярэдняй. У гэтай школе мае бацькі і працавалі ўсё жыцце, аж да выхаду на пенсію…”