Засечкі на сэрцы, засечкі на памяці

<< Вернуться к предыдущей статье
<< ВЕРНУТЬСЯ В НАРОДНУЮ ЛЕТОПИСЬ
Студзень 1995 — чэрвень 1996 года
Марыя Цімінская (Альферовіч –Падвойская)
(г. Асіповічы)

Нарадзілася я, М. Цімінская, у 1937 годзе ў вёсцы Вялікая Гарожа. У студзені 1943 года карнікі знішчылі вёску, пабілі людзей. Загінула 297 чалавек. Загінула ўся мая радня. Я засталася круглай сіратой. З 1943 па 1946 год жыла ў дзядзькі ў пасёлку Акцябры. З восені 1946 года выхоўвалася ў дзіцячым доме ў Свіслачы Асіповіцкага раёна. Скончыла сем класаў, потым педвучылішча, педінстытут. Маю дачку і двух сыноў, маю ўнукаў і праўнукаў. Настаўніца-пенсіянерка.
Фотаздымкі — гэта копіі тых, што я вынесла з таго пякельнага студзеня 1943 года. Арыгіналы берагу ў сваім сямейным архіве.

Хаты роднай няма,
У магіле радня,
Толькі дзічка старая ў полі
Зацвітае штогод —
Памінае наш род,
Абсыпаючы квеценню голле.
Як прыеду, іду,
З ёй гаворку вяду,
Абдыму, як сястру, прывітаю.
Помнім я і яна
Боль зімовага дня
І трагедыю роднага краю.

1943 год. 13 студзеня. Ноч
Прачнулася. Гарыць лямпа. Бацькі і бабуля не спяць. У хаце некалькі чужых мужчын. Я ўжо ведаю, што гэта партызаны. На стале вялікі чыгун з варанай бульбай.
— Мамаша, сделайте пюре. Вот тушенка, — кажа адзін з партызанаў.
Я сяджу на ложку, абхінуўшыся коўдрай. Бабуля таўчэ ў чыгуне бульбу. Мама падыходзіць да мяне:
— Чаму ты не спіш, дачушка? Спі.
— Мама, я хачу пюре, — шапчу я.
Мама прыносіць мне ў місачцы тоўчанай бульбы, запраўленай тушонкай. Я ем. Калі мама падыходзіць забраць пустую місачку, ціхенька кажу ёй:
— Мама, а дзе пюре? Гэта ж камы.
Мама лагодна ўсміхаецца і гладзіць мяне па галаве. Апошні раз. Заўтрашні дзень разлучыць нас навек.
1943 год, 15 студзеня. Дзень
— Ідзі, дзіцятка, дадому. Адзенься цяплей. Пойдзеце з Мішам на пасёлак. У цябе там дзядзька, у яго цётка… — кажа бабуля Макарыха.
Я іду з аднаго канца вёскі ў другі, у свій канец. На двары ля парога ляжаць мае родныя. Ляжаць так, як ляжалі і ўчора.
Заходжу ў хату. Пачынаю збірацца ў дарогу. Бяру самае каштоўнае для мяне, пяцігадовай дзяўчынкі. Забяру сваю ляльку, адэкалон, фотакарткі. Яшчэ хачу забраць крыжык, маленькі крыжык на ружовай стужачцы. Было, што бабуля давала мне яго патрымаць у руках, надзець на шыю. Ведаю, што чалавек на крыжыку — гэта Ісус Хрыстос, што на адваротным баку крыжыка напісана «Спаси и сохрани». Мне вельмі падабаліся і крыжык, і ружовая стужачка, на якой ён вісеў. Крыжык быў у прыскрыначку бабулінага сундучка, дзе ляжала яе смярцёная адзежа. Але цяпер яго тут няма. Я зноў перабіраю ўсё ў прыскрыначку — крыжыка няма. Няма.
Завязваю маміну цёплую хустку. Заходзіць бабуля Макарыха. Надзявае на мяне маміну жакетку, падпяразвае.
— Хадзем, Манька. Трэба ісці.
Мы выходзім. Ля парога на хвілінку спыняемся. Стаім. Маўчым.
Бабуля бярэ мяне за руку, і мы ідзём да варотцаў.
Больш у родную хату я не вярнуся. Яе не будзе. Гарожу маю спалілі.
Нас правялі за вёску, паказалі дарогу.
Мы з Мішам пойдзем на пасёлак. Там у нас радня.
Ідзём. Вельмі холадна. Пройдзем трохі і спынімся. Зноў ідзём. Спынімся… Я ўжо не хачу ісці. Міша цягне за руку:
— Хадзем!
— Давай лепш пойдзем дамоў, — кажу я.
— Не, трэба ісці на пасёлак. Дома ўсе пабітыя…
Зноў ідзём. Холадна. Дарога вельмі доўгая. Зусім надакучыла ісці. Я хачу сесці. Міша не дае садзіцца, кажа, што трэба ісці на пасёлак. Але я не іду. Тады Міша становіцца ў мяне за спіной і паціху папіхае ў плечы, каб ішла. Так мы і ідзём… Я ўжо больш не магу ісці. І Міша стаміўся. Мы садзімся ўзбоч дарогі. На снег. І сядзім… Колькі сядзім, не ведаю. Але нам ўжо стала цёпла і добра. Хочацца спаць…
Падабрала нас жанчына з пасёлка Май, Каця Юліна. І прынесла на пасёлак Акцябр. Да майго дзядзькі.
P. S. За сынам Каці Юлінай замужам дачка Івана Альферовіча, майго дваюроднага брата, сына дзядзькі Мішы.
Я жыву ў дзядзькі Мішы на пасёлку Акцябры. Мне ўвесь час сумна. Я кожны дзень плачу. Ціхенька плачу і плачу. Я вельмі хачу дамоў, к маме. Мяне спачатку просяць не плакаць. Стараюцца як-небудзь развесяліць. Але я плачу.
Цераз вуліцу, насупраць, жыве старэйшая дзядзькава дачка Марыя. Яна ўжо замужам. Марыя вядзе мяне да сябе ў хату. Адчыняе сундук. Дае мне розныя прыгожыя абрэзкі. Раней для мяне гэта было б вялікае багацце. Колькі б новых сукенак я нашыла сваёй ляльцы! А цяпер яны мяне не цікавяць. Я адварочваюся. Марыя дае мне іх у рукі. Але рукі мае чамусьці вялыя, не трымаюць. Абрэзкі падаюць у сундук. Яна зноў дае, а яны зноў валяцца з маіх рук. Я не хачу іх, яны мне не трэба. Я хачу дамоў, к маме.
Угаворванні не дапамагаюць. Пачынаюць трохі гразіцца, каб перастала плакаць. Тады я знаходжу выйсце. Надзяваю сваю світку, буркі і іду на двор. Схаваюся за хлевам ці за хатай і плачу.
А калі бывае мяцеліца і свішча вецер у галінах дрэў і кустоў, тады я доўга стаю на дварэ і пільна ўглядаюся ў мутную далячынь, у бок Гарожы. І чакаю. Чакаю, што мае родныя зараз з’явяцца з гэтай кругаверці, вернуцца з таго страшнага, незразумелага дня. Я чакаю іх. Ну павінны ж яны вярнуцца! Як жа я буду адна тут, без іх?!

Жоўтым полымем — жоўтыя кветкі
Пасёлак Май. Яго цяпер няма. Ён у Хатыні, на могілках вёсак. Каля маёй Вялікай Гарожы, дзе ён быў да студзеня 1943 года, яго няма. А ў маёй памяці ён жыве, жыве белым халодным снегам і жоўтымі кветкамі. І Кацяй Юлінай, якая ратавала нас з Мішам, калі мы замярзалі ля шашы.
14 студзеня 1943 года і ў маёй Гарожы, і ў пасёлку Маі людзей пабілі. Самі вёскі спалілі пазней, ужо пустыя. Я ўжо сталы чалавек, жанчына, якой пад шэсцьдзесят. Тады ж мне было ўсяго пяць. Але тая горкая памяць жыве ўва мне. Пячэ і трывожыць.
…Еду ў Бабруйск аўтобусам па шашы Мінск — Бабруйск. Тут паварот на брукаванку, што вядзе ў маю Гарожу. А тут злева каля шашы быў пасёлак Май.
Ідзе аўтобус. А ў маёй памяці ідзе дзень 15 студзеня 1943 года. Мы з Мішам (мне пяць, яму гадоў восем) ідзём на пасёлак Акцябар. Двое малых дзяцей. Ісці кіламетры чатыры. Кругом белы халодны снег.
Бацькі нашы ляжаць дома, у Гарожы. Нам жа трэба ісці. Мы жывыя, мы ўцалелі. Але дайсці мы змаглі толькі да Мая. Потым селі каля дарогі. І ўжо замярзалі, калі нас падабрала Каця Юліна. Яна прынесла мяне, паўжывую, на пасёлак да дзядзькі.
(Дзякуй Вам, Каця, — праз дзесяцігоддзі — за Ваша вялікае сэрца. І светлая памяць. І царства нябеснае. Ведаю, што Вас ужо няма на свеце.)

Лета. Сонечна. Жанчыны, і я з імі, і яшчэ дзяўчынкі з Акцябра ідзём у Вялікую Гарожу, якой няма. Ідзём на могілкі. Справа ад брукаванкі — Май, якога няма. Толькі вуліца і бур’ян… А сярод бур’яну, насупраць згарэлых сядзіб, высокімі кустамі гараць жоўтыя кветкі. Языкамі жоўтага полымя глядзяць яны ў неба.
У мяне ў агародзе ёсць месца, дзе кожнае лета цвітуць такія ж жоўтыя кветкі — кветкі маёй горкай памяці. Гараць — і ледзяняць, і апякаюць душу. Праз гады, праз усё жыццё. І так да скону.

Калі нас забівалі, Анютка ўжо ўмела хадзіць.
На двор жа, калі нас выганялі з хаты, бацька нёс яе на руках. Раздзетыя. Апрануцца забойцы не далі. І Анютка была ў адной сукеначцы. Потым, калі я поўзала каля іх, забітых, так і ляжала яна ў адной сукеначцы на гуры снегу каля стопкі.
Раней, калі я брала яе на ручкі, яна ашчапервала сваімі ручкамі мяне за шыю. Цяпер жа падымаю, а яе маленькія ручкі вісяць. Яна нежывая. Я кладу яе зноў на снег. Ран на ёй няма. На ножцы невялікая драпіна. І ўсё.
Нёс тата. А ляжыць чаму ля стопкі, далёка ад іх? Ран няма. А чаму нежывая? На гэтыя мае пытанні не адкажа ўжо ніхто і ніколі.

Уся радня пад крыжом
у вялікай магіле… 43 чалавекі

1. Патапейка Міша Змітраў, жонка яго Анюта і трое дзяцей — 5 чалавек
2. Патапейка Макар Захаравіч, жонка яго і трое дзяцей — 5 чалавек
3. Галушка Іван і Алеся (старыя) — 2 чалавекі
4. Патапейка Міша, жонка яго Арына Сямёнаўна, дзеці — Віцька і Манька, Мар’я Дужыха — маці Мішы — 5 чалавек
5. Патапейка Лукер’я Іванаўна (сястра майго свёкра) і трое дзяцей — 4 чалавекі
6. Патапейка Лявон Лявонавіч, жонка яго Надзея Іванаўна, дзеці — Саша, Валодзя, Соня… усяго 7 дзяцей — 9 чалавек
7. Костка Васіль Міхайлавіч і Сцепаніда Агееўна — 2 чалавекі
8. Левановіч Клава, муж яе і 2 дзяцей — 4 чалавекі
9. Альферовічы (мае родныя) — 4 чалавекі
мянушка Музычэнкі:
Альферовіч Павел Сцяпанавіч
Альферовіч Ніна Мікалаеўна
Альферовіч Ганна Аляксееўна (Музычыха)
Альферовіч Ганна Паўлаўна (Анютка)
10. Патапейка Мар’я Змітраўна, нявестка яе Надзя (жонка дзядзькі Пеці — мамінага брата) і дзіця (хлопчык? Дзяўчынка?..) — 3 чалавекі
Мар’я Змітраўна — мая родная бабуля.
Запіс зроблены 26 красавіка 1995 года са слоў Насці Санковіч (Алёксавай). З ёю мы разам былі ў майго дзядзькі Мішы ў пасёлку Акцябры (мой дзядзька, а яе цётка Агапа — жонка дзядзькі Мішы).
Насця з дзядзькам Мішам ездзілі на кані хаваць пабітых. Ёй было тады 17 гадоў.
В. Вялікая Гарожа
Сон
15 студзеня. Прыснілася родная хата. Сёння, роўна праз 52 гады пасля таго, як я выйшла з яе ў апошні раз. І што дзіўна, усё стаіць на сваім месцы, як і тады. У хаце сонечна. Я, цяперашняя, стаю з дачкой пасярод хаты. Са столі лахмоццем звісаюць шпалеры салатнага колеру.
— Бачыш, — кажу я дачцэ, — усё на месцы, усё добра. А што шпалеры, дык гэта паправім. Зробім рамонт.
Цэлы дзень на душы было добра: я пабыла дома, у роднай хаце. Горка, што толькі ў сне…

Як хавалі Гарожу

З успамінаў маёй траюраднай цёткі, 77-гадовай Паліны Іванаўны Падвойскай, сястры майго свёкра Падвойскага Пятра Іванавіча.

В. Малая Гарожа
…Страляюць, страляюць у Гарожы. Чуем, страляюць… Думаем, што там робіцца… А тады бачым, гарыць з канца з естага, дзе вы жылі… І ўжо нехта сказаў, што ў Гарожы людзей пабілі… Ісці баімся… А ў нас жа там радні багата. Толькі ходзім, ходзім па вуліцы, паглядаем у той бок…
А ўвечары Іван прыехаў на кані і Мішу раненага прывёз (сястрын муж з сынам). У Мішы знізу ўвесь твар развалены… Іван жа, як стралялі, дык паваліўся на гуру снегу ля ганка. Так і ляжаў за нежывога, пакуль карнікі не пайшлі з двара… А Лукер’ю і дзевачак забілі…
…Хаваць жа не давалі доўга… мо тыдні два… Але людзі пазбіраліся, хто радня дзе якая, і пайшлі, і на конях паехалі. Ну, і мы з Жэняй пайшлі… Ідзём, а дзіка: вёска мёртвая, людзі пабітыя… Хто на дварэ ляжыць, хто ў хаце… Паўмярзалі ўжо ў снег… А холадна, а страшка! Ой-ой! Сумна!.. Жах!..
Сталі мужчыны ямы капаць на могілках. Збіраем людзей і возім. Цэлы абоз па вуліцы: вязуць, вязуць пабітых. Сумна!.. Яны ж скарчавелі, хто як упаў, так і ляжаць на вазах: дзе рукі, дзе ногі тырчаць… Плачам. А мужчыны не даюць плакаць:
— Не смейце плакаць, няма калі!..
Цэлы дзень вазілі… Міша наш, Пятровіч, дык братоў у шкап паклаў. А я Лукер’іну меншанькую дзевачку, Маньку, загарнула ў кашміроўку красівую, і паклалі матцы на грудзі… Клалі ж адзін на аднаго… Ямы шырокія-шырокія пакапалі… Ды й грузім… зверху посцілкамі засцелем і тады ўжо засыпаем…
А па пуці паравоз ходзіць туды-сюды і трубіць, трубіць… Баімся, але ж робім гэту работу… Пахавалі да вечара. Ды й разышліся ўсе. Засталася пустая Гарожа…
А дзён праз колькі бачым: гарыць Гарожа… Усю спалілі…

Запіс зроблены 3 чэрвеня 1995 года,
в. Малая Гарожа.
Запісала Марыя Альферовіч
(Падвойская — Цімінская)

Забіты нямецкі лётчык
Ідзём у Гарожу. Некалькі жанчын і некалькі дзяўчынак. Цёплы сонечны дзень. Ідзём на могілкі. Ад пасёлка Акцябра адышлі ўжо на кіламетр, перайшлі ўжо шашу Бабруйск — Мінск, ідзём па брукаванцы. Праходзім ад шашы метраў сто. Злева каля дарогі ляжыць забіты нямецкі лётчык. Нагамі на дарогу, галавой на абочыну, тварам уверх, рукі і ногі раскінуты ў бакі. Ён чамусьці без камбінезона, толькі ў споднім. Цела яго набрыняла, абслізла. Ён непамерна тоўсты. Бялізна на ім палопалася. Мы спыняемся, стаім у яго ў нагах, стаім моўчкі. Помню, што ў мяне не было ніякіх пачуццяў: ні жалю, ні злосці, ні крыўды, ні гідлівасці. Абыякавасць.
А зусім нядаўна, калі ўжо пачала пісаць гэтыя свае «засечкі» і прыкідваць, дзе мы сядзелі і замярзалі з Мішам, памяць мая раптам натыкнулася на факт, што на тым жа месцы ляжаў і той нямецкі лётчык. Што за містыка?!..
На радаўніцу сёлета спецыяльна паехалі па брукаванцы: хацелася ўпэўніцца, ці так помню.
Так, усё так.
Чаму гэта? Што гэта? Містыка? Ці нейкая адплата?!