Братья Криварот из села Дмитровичи – фронтовики и партизаны

<< Вернуться к предыдущей статье
<< ВЕРНУТЬСЯ В НАРОДНУЮ ЛЕТОПИСЬ
Вядучы навуковы супрацоўнік
Інстытута гісторыі НАН Беларусі,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Анатоль Аляксеевіч Крыварот
(г. Мінск, 2020 г.)

Сёння ў многіх сем’ях вядзецца летапіс удзелу родзічаў у Вялікай Айчыннай вайне, дзе назапашваецца інфармацыя з публікацый, дакументальных сведчанняў, асабістых і калектыўных успамінаў. Безумоўна, такія сямейныя летапісы змогуць істотна дапоўніць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, складуць аснову «Усебеларускага летапісу Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!»
Сямейны летапіс удзелу майго бацькі Крыварота Аляксея Цітавіча і яго шасці родных братоў у змаганні з германскімі захопнікамі і іх сатэлітамі ў 1941—1945 гг. вядзецца не адно дзясяцігоддзе. Спачатку летапіс уключаў у сябе ўспаміны бацькі і яго родных братоў, якія засталіся жывыя пасля вайны, маёй мамы Улляны Кірылаўны, маіх бабуль Крыварот Аўдоцці Міронаўны і Чалей Ганны Харытонаўны, жыхароў вёскі Дзмітравічы і суседніх населеных пунктаў Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Потым у летапіс дадаваліся звесткі аб франтавым і партызанскім мінулым сваякоў, змешчаныя ў газетных публікацыях, энцыклапедычных і даведачных выданнях, зборніках дакументаў, кнігах «Памяць».
Сёння, дзякуючы інфармацыі, выяўленай у архіўных дакументах, ёсць магчымасць скласці асобны нарыс пра баявы шлях семярых братоў Крываротаў — Сцяпана, Гаўрылы, Міхаіла, Уладзіміра, Івана, Сяргея, Аляксея.
Першы год вайны Міхаіл Цітавіч Крыварот сустрэў на фронце. Ён быў выпускніком 1938 г. Мінскага Чырвонасцяжнага ваеннага пяхотнага вучылішча імя М. І. Калініна і ўдзельнікам савецка-фінляндскай вайны, падчас якой ён атрымаў раненне і быў адпраўлены для праходжання службы ў Харольскі райваенкамат Палтаўскай вобласці. Мая бабуля Крыварот Аўдоцця Міронаўна атрымала пахаронку, што яе сын прапаў без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мой бацька ў 1960—80-я гады пісаў лісты ў розныя інстанцыі, каб даведацца пра лёс свайго брата. Аднак звароты не далі вынікаў. Не мела звестак аб лёсе М. Ц. Крыварота і яго жонка Марыя Емяльянаўна Крыварот, якая падчас вайны была ў канцлагеры, дзе загінуў іх маленькі сын. Першыя больш-менш пэўныя звесткі былі апублікаваны ў кнізе «Памяць» Бярэзінскага раёна, дзе на с. 391 згадана, што радавы М. Ц. Крыварот нарадзіўся ў 1918 г. і прапаў без вестак у верасні 1944 г. У банку даных аб тых, хто быў прызваны з тэрыторыі Беларусі і загінуў ці прапаў без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны, паведамляецца, што сяржант М. Ц. Крыварот прапаў без вестак у верасні 1944 г. У працяг пошукаў некалькі гадоў таму ў кнізе «Памяць» Палтаўскай вобласці ўдалося атрымаць новую інфармацыю, якая была пацверджана і на Форуме франтавікоў са спасылкай на Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі:


Вытрымка з архіўнай справы М. Ц. Крыварота


Баявы шлях 371-й стралковай дывізіі пачаўся ў г. Чабаркулі Чалябінскай вобласці, дзе восенню 1941 г. было сфарміравана гэтае злучэнне. У канцы лістапада — пачатку снежня 1941 г. дывізія ўвайшла ў склад 30-й арміі Заходняга фронту. Разгрузка з воінскага эшалона 371-й дывізіі адбылася з 2 па 5 снежня 1941 г. на станцыі Савёлава. З 5 снежня 1941 г. дывізія ўдзельнічала ў контрнаступленні пад Масквой. Па стане на 1 студзеня 1942 г. 371-я дывізія ўваходзіла ў склад 30-й арміі Калінінскага фронту. У пачатку лютага 1942 г. злучэнні арміі пачалі наступленне з задачай дэблакіраваць 29-ю армію, якая трапіла ў акружэнне. Часці 371-й дывізіі дзейнічалі каля населенага пункта Кляпеніна Ржэўскага раёна. Такім чынам, начальнік 4-га аддзялення штаба 371-й дывізіі 25-ці гадовы старшы лейтэнант М. Ц. Крыварот удзельнічаў у фарміраванні злучэння, змагаўся з германскімі войскамі пад Масквой і, верагодна, загінуў пад Ржэвам.
Адразу пасля выпуску з Гомельскага стралковага кулямётнага ваеннага вучылішча камандзір разведвальнага ўзвода 459-га стралковага палка лейтэнант Уладзімір Цітавіч Крыварот з 15 ліпеня 1941 г. да 13 жніўня 1941 г. удзельнічаў у абароне Гомеля. У жніўні 1941 г. быў паранены ў левую нагу ў раёне Чарнігава. У складзе 42-й стралковай дывізіі 21-й арміі апынуўся ў кіеўскім «катле». У пачатку кастрычніка 1941 г. 21-гадовы лейтэнант стаў прарывацца з акружэння ад в. Оржыца Палтаўскай вобласці і, прабіраючыся па тылах ворага некалькі месяцаў, прайшоўшы каля 600 кіламетраў, дасягнуў тэрыторыі Бярэзінскага раёна Магілёўскай вобласці (цяпер — Мінская) і ўжо ў красавіку 1942 г. стаў камандзірам узвода 130-га партызанскага атрада, затым — камандзірам роты. З верасня 1943 г. і да ліпеня 1944 г. займаў пасаду начальніка штаба 340-га партызанскага атрада. Маючы баявы вопыт, У. Ц. Крыварот быў кіраўніком некалькіх паспяховых аперацый на чыгуначных і шашэйных камунікацыях. За асабістую мужнасць і ўдзел у баявых дзеяннях быў адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За адвагу».
Старэйшы з братоў, Сцяпан Цітавіч Крыварот, быў адным з арганізатараў партызанскага руху на тэрыторыі Бярэзінскага раёна. Нягледзячы на тое што на момант пачатку вайны яму было 33 гады, ён адпрацаваў на шмат якіх адміністрацыйных і гаспадарчых пасадах у БССР, у тым ліку старшынёй сельсавета, адказным сакратаром Бярэзінскага райвыканкама, намеснікам старшыні Капыльскага райвыканкама, дырэктарам Цімкавіцкай МТС, загадчыкам земаддзела Дзяржынскага раёна, старшынёй Высокаўскага райвыканкама Брэсцкай вобласці. Атрымаў нядрэнную адукацыю: у 1925—1928 гг. быў студэнтам Мінскага педагагічнага тэхнікума, закончыў Мінскі камвуз. Прайшоў пэўную ваенную падрыхтоўку: закончыў аднагадовую палкавую школу ў г. Барысаве, чатырохмесячныя курсы палітсастава ў г. Смаленску, а ў 1939 г. — курсы пры Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе ў г. Маскве.
Са жніўня 1941 г. разам з іншымі патрыётамі Бярэзіншчыны ўключыўся ў падпольную барацьбу. Пад яго кіраўніцтвам у лістападзе—снежні 1941 г. падпольшчыкі і актывісты збіраліся ў лесе каля вёсак Дзмітравічы і Шавярнічы. У выніку было прынята рашэнне аб’яднаць свае намаганнні і разгарнуць партызанскі рух. У пачатку красавіка 1942 г. С. Ц. Крыварот знаходзіўся ў складзе партызанскай групы капітана В. В. Беражнога, а ў ліпені 1942 г. стаў камісарам 130-га атрада «Помста». Меў званне старшага палітрука. Уваходзіў у першы склад Бярэзінскага падпольнага райкама КП(б)Б, быў арганізатарам і першым камандзірам 340-га атрада, камандзірам 346-га атрада. На баявым рахунку гэтых атрадаў былі выніковыя аперацыі на чыгунцы Магілёў—Жлобін каля станцыі Дашкоўка, на шашы Мінск—Магілёў у раёне в. Васілеўшчына. У сакавіку—маі 1944 г. С. Ц. Крыварот перанёс сыпны тыф і быў перапраўлены для лячэння за лінію фронта 17 чэрвеня 1944 г. на самалёце У-2. За актыўны ўдзел у партызанскім руху ўзнагароджаны ордэнам «Чырвоная Зорка», медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны І ступені».
Адначасова ў другой палове лістапада 1942 г. прышлі ў партызанскі 130-ы атрад «Помста» яшчэ тры браты — Гаўрыла, Іван, Аляксей.
Гаўрыла Цітавіч Крыварот да вайны адслужыў у радах Чырвонай Арміі, меў вайсковае званне сяржанта, некалькі гадоў працаваў начальнікам участка ў леспрамгасе. Ужо ў студзені 1943 г., будучы камандзірам аддзялення, ён быў прадстаўлены для ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі за скінуты пад адхон нямецкі воінскі эшалон. Займаў пасаду памочніка камісара 340-га атрада па камсамоле, уваходзіў у склад Бярэзінскага падпольнага райкама ЛКСМБ. Адразу ўключыліся ў баявую дзейнасць супраць акупантаў 18-гадовы Іван Крыварот і 14-гадовы Аляксей Крыварот, спачатку ў 130-м атрадзе «Помста», а затым першы змагаўся з ворагам у 340-м і 346-м, а другі — у 340-м атрадзе. Нядаўна Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў для агульнага азнаямлення ўзнагародныя лісты партызан Беларусі. Сярод іх ёсць узнагародныя дакумены на братоў Івана і Аляксея, што сведчыць пра іх удзел у дыверсіях на камунікацыях, нападзе на апорныя пункты ворага, праяўленую адвагу пры выхадзе з блакады. У лютым 1943 г. прыйшоў у партызаны шосты сын Аўдоцці Міронаўны 16-гадовы Сяргей Крыварот.
Разам са сваімі братамі ён прымаў актыўны ўдзел у фарміраванні 340-га партызанскага атрада, здабываў для яго асабовага складу зброю і боепрыпасы, удзельнічаў у засадах на шашы і ў рэйкавай вайне.
Па-рознаму склаўся лёс родных братоў Крываротаў пасля злучэння партызанскіх фарміраванняў з часцямі Чырвонай Арміі. Сцяпан, Гаўрыла, Уладзімір былі накіраваны на арміністрацыйна-гаспадарчую працу. Дасягнуўшыя прызыўнога ўзросту Іван і Сяргей былі прызваны ў склад дзеючай арміі. Трагічна склаўся лёс Івана Цітавіча Крыварота, радавога 609-га стралковага палка 169-й стралковай дывізіі. Узнагароджаны медалём «За адвагу», 9 кастрычніка 1944 г. ён загінуў у баі 23 сакавіка 1945 г. каля г. Данцыг (цяпер — г. Гданьск, Рэспубліка Польша), дзе і пахаваны ў брацкай магіле. Сяргей Цітавіч Крыварот ваяваў у складзе III Беларускага фронту і быў паранены. Малодшы Аляксей не быў прызваны ў дзеючую армію, таму што не дасягнуў прызыўнога ўзросту. У другой палове 1940-х гадоў вучыўся на камбайнёра, працаваў у сельскай гаспадарцы, а затым — на Мінскім аўтамабільным заводзе. На першую палову 1950-х гадоў прыпала яго служба на Паўночным флоце.


Аўдоцця Міронаўна Крыварот (у цэнтры) з сынам Аляксеем і дачкой Арынай. 1946 г.


Не абмінулі цяжкія выпрабаванні вайны кожнага члена сям’і. Маці Аўдоцця Міронаўна Крыварот цудам засталася жывой, схаваўшыся ў падпечку падчас нацысцкай карнай акцыі ў в. Краснае Бярэзінскага раёна Минскай вобласці. Эсэсаўскі батальён 14 кастрычніка 1942 г. спаліў усе 33 двары населенага пункта. У полымі гэтага вогнішча загінуў муж яе дачкі Арыны Цітаўны Крыварот, якая стала ўдавой у 26 гадоў.
Так віхура вайны прайшлася па лёсе сям’і Крываротаў з в. Дзмітравічы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці, злучыўшы ў адзінае гераізм і трагізм. Гэта толькі адна са старонак летапісу Вялікай Айчыннай вайны.