Костюк Михаил Павлович

акадэмік, галоўны навуковы супрацоўнік

аддзела навейшай гісторыі Беларусі
доктар гістарычных навук, прафесар

Вядомы не толькі ў рэспубліцы, але за яе межамі беларускі гісторык, акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Паўлавіч Касцюк нарадзіўся 26 сакавіка 1940 г. у вёсцы Масцішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Навагрудская зямля, багатая сваімі гістарычнымі традыцыямі аказала значны ўплыў на фарміраванне характару і выбар жыццёвага шляху Міхаіла Паўлавіча. Імкненне да набыцця новых ведаў у спалучэнні з выдатнымі здольнасцямі прадвызначылі лёс будучага навукоўца. Пасля заканчэння школы, а затым Навагрудскага педагагічнага вучылішча ў 1958 г., ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я.Купалы, які закончыў у 1963 г., і атрымаў дыплом з адзнакай. Інтэлектуальны патэнцыял і арганізатарскія здольнасці маладога спецыяліста, якія праявіліся ў час навучання ў інстытуце, былі рашаючымі пры накіраванні яго на пасаду дырэктара Касадворскай васьмігадовай школы ў в. Баярская Навагрудскага раёна. У 1964 – 1965 гг. ён праходзіў вайсковую службу, а потым працаваў сакратаром камітэта камсамола Гродзенскага педагагічнага інстытута.
У 1966 г. Міхаіл Паўлавіч звязаў свой лёс з Інстытутам гісторыі АН БССР, калі паступіў у аспірантуру гэтай навуковай установы. Пад кіраўніцтвам акадэміка І. С. Краўчанкі ён даследаваў працоўную дзейнасць калгаснага сялянства БССР у 30-я гады. Мэтанакіраванасць і настойлівасць маладога даследчыка далі добры плён, і ў адведзены тэрмін ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Трудовая активность колхозного крестьянства Белоруссии в период победы и упрочения социализма (1933 – 1940 гг.)”.
З 1970 г. Міхаіл Паўлавіч працаваў на пасадзе вучонага сакратара Інстытута гісторыі АН БССР, у перыяд 1975 – 1981 гг. – на той жа пасадзе ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Ён паспяхова спалучаў арганізатарскую і даследчыцкую работу і ў 1980 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Деятельность Компартии Белоруссии по идейно-политическому воспитанию крестьянства в период строительства социализма”. У ліпені 1981 г. Міхаіл Паўлавіч быў прызначаны на пасаду намесніка дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР.
Глыбокія веды і ўменне выдзеліць галоўнае ў навуковым матэрыяле, прынцыповасць і настойлівасць, інтэлігентнасць і добразычлівасць Міхаіла Паўлавіча Касцюка прынеслі яму заслужаную павагу ў калектыве. Таму падчас першых альтэрнатыўных выбараў у 1989 г. яго, выконваючага абавязкі дырэктара, абралі кіраўніком Інстытута гісторыі АН БССР. Гэтую пасаду ён займаў каля дванадцаці гадоў у складаны час выпрацоўкі новых падыходаў да праблем айчыннай гісторыі. Пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлавіча калектыў Інстытута гісторыі змог захаваць навуковы патэнцыял, даследаваць “белыя плямы” гісторыі: пытанні палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ, розныя аспекты рэлігійнага развіцця, гісторыі беларускай эміграцыі, палітычных рэпрэсій 1920 – 1950-х гадоў. Толькі за перыяд 1995 – 1999 гг. супрацоўнікамі інстытута былі надрукаваны 37 манаграфій, 21 зборнік, 10 брашур, 7 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. У 1994 – 1995 гг. выйшлі “Нарысы гісторыі Беларусі” ў дзвюх частках. Міхаіл Паўлавіч быў галоўным рэдактарам і адным з аўтараў гэтай навуковай працы. Яго пяру належаць звароты да чытача і заключэнне, раздзелы, прысвечаныя аналізу грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў 20 – 30-я гады XX ст. У звароце да чытача Міхаіл Паўлавіч выказаў асноўныя прынцыпы і падыходы, якімі кіраваўся ў сваёй працы аўтарскі калектыў нарысаў. Па-першае, “адлюстраванне мінуўшчыны ў гістарычных працах павінна быць адэкватным таму, што мела месца ў жыцці, ва ўсёй яго разнастайнасці і супярэчлівасці”, па-другое, што “задача прафесійных гісторыкаў – даць навуковае асэнсаванне з’яў, падзей, працэсаў…”, па-трэцяе, што “толькі аб’ектыўны падыход можа вытрымаць суровае выпрабаванне, якое ўчыняе гістарычным даследаванням час”.
Навуковым даследаванням Міхаіла Паўлавіча ўласцівы творчы падыход да асвятлення складаных праблем гісторыі, імкненне прасачыць як агульныя заканамернасці, так і асаблівасці ў развіцці гістарычных падзей. Ён вядзе актыўную арганізацыйную працу па стварэнні калектыўных манаграфій, здзейсняе іх навуковае рэдагаванне. Міхаіл Паўлавіч з’яўляецца галоўным рэдактарам “Гісторыі Беларусі” у 6-ці тамах, якія вышлі з друку на працягу 2000–2011 гадоў. Ва ўступе да першага тома ён выразна абазначыў пазіцыю да аналізу гістарычнага мінулага: “Максімальна поўнае, аб’ектыўнае, непалітызаванае даследаванне мінулага беларускага народа з яго павучальным стваральным вопытам, а таксама цяжкімі выпрабаваннямі, вялікімі людскімі стратамі, знішчэннем матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, а затым іх аднаўленнем і далейшым развіццём – усё гэта дапаможа ўзнаўленню гістарычнай памяці сучаснага і будучых пакаленняў, паспрыяе павышэнню аўтарытэту беларускага народа сярод сваіх суседзяў, а таксама ў Еўропе і свеце”.
За гады знаходжання Міхаіла Паўлавіча Касцюка на пасадзе дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі пашырыліся міжнародныя сувязі вучоных з навуковымі цэнтрамі іншых дзяржаў. Былі заключаны дагаворы аб творчым супрацоўніцтве з Інстытутам расійскай гісторыі і Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук, наладжаны навуковыя сувязі з Інстытутам гісторыі Польскай акадэміі навук.
Плённа развівалася супрацоўніцтва з вучонымі Інстытута гісторыі Сібірскага аддзялення РАН. Беларускімі і сібірскімі вучонымі была праведзена вялікая праца па вывучэнні гісторыі беларускай дыяспары ў Сібіры. Каардынатарамі яе выступалі акадэмік РАН Вячаслаў Малодзін і акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Касцюк. Супрацоўніцтва мела добрыя вынікі: былі выдадзены два зборнікі артыкулаў “Белорусы в Сибири”, а ў 2002 г. – калектыўная манаграфія “Очерки истории белорусов в Сибири в XIX – XX вв.”. У 2003 г. манаграфія была адзначана прэміяй імя акадэміка В.А.Капцюга Сібірскага аддзялення РАН, лаўрэатам якой разам з іншымі гісторыкамі стаў і М. П. Касцюк.
Міхаіл Паўлавіч папоўніў скарбонку беларускай гістарыяграфіі цікавымі арыгінальнымі даследаваннямі. Яго пяру належаць звыш 300 навуковых прац, прысвечаных вывучэнню актуальных праблем айчыннай гісторыі, у тым ліку 6 асабістых і болей за 10 калектыўных манаграфій. Значны інтарэс навуковай грамадскасці Беларусі і Расіі выклікала манаграфія “Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі” (Мн., 2001), перавыдадзеная ў 2002 г. Інстытутам расійскай гісторыі РАН на рускай мове. На багатым фактычным матэрыяле аўтар раскрыў сутнасць бальшавіцкай сістэмы кіравання, даследаваў прычыны яе ўзнікнення і механізм функцыяніравання, асаблівасці, характэрныя для Беларусі.
Зыходзячы з цвёрдага пераканання, што “без гістарычных ведаў і выкарыстання гістарычнага вопыту нельга паспяхова будаваць незалежную дзяржаву”, М.П. Касцюк надае вялікую ўвагу папулярызацыі гістарычных ведаў, выступае з цікавымі і змястоўнымі артыкуламі на старонках перыядычных выданняў, па радыё і тэлебачанні, на шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, семінарах, сімпозіумах. Актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для гістарычнай навукі. Як навуковым кіраўніком ім падрыхтаваны 25 кандыдатаў і 4 дактары гістарычных навук.
На працягу многіх гадоў вядзе актыўную навукова-педагагічную дзейнасць на гістарычных факультэтах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Паспяховая рознабаковая дзейнасць М.П. Касцюка, яго ўклад у развіццё гістарычнай навукі атрымалі прызнанне навуковай грамадскасці Рэспублікі Беларусь і замежжа. У 1989 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам, у 1996 г. акадэмікам НАН Беларусі. У 1998 г. М. Касцюк стаў акадэмікам Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навукі і мастацтва. У 1999 і шэрагу іншых гадоў Амерыканскі біяграфічны інстытут прызнаў яго “Чалавекам года” і ўключыў у склад Міжнароднага камітэта па прысваенні такога статуса іншым асобам. Ён таксама выбіраўся “Чалавекам года Кембрыджскім універсітэтам. Меў іншыя ўзнагароды і званні.

Асноўныя калектыўныя і індывідуальныя працы:

  • “Нарысы гісторыі Беларусі” (в 2-х частях):
  • ● Ч.1. Мінск, 1994;
    ● Ч.2. Мінск, 1995.

  • “Гісторыя Беларусі ў 6-ці тамах”:
  • ● Т. 1. “Старажытная Беларусь” (Мінск, 2000);
    ● Т. 2. “Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага” (Мінск, 2008);
    ● Т. 3. “Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII – XVIIІ стст.)” (Мінск, 2004.);
    ● Т. 4. “Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – пачатак ХХ ст.)” (Мінск, 2005.);
    ● Т. 5. “Беларусь у 1917–1945 гг.” (Мінск, 2006.);
    ● Т. 6. “Беларусь у 1946–2009 гг.” (Мінск, 2011.).

  • Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі (Мінск, 2000)
  • Костюк М.П. Большевистская система власти в Беларуси (Москва, 2004)
  • Касцюк М.П. Шлях да ісціны. Гістарычная навука Беларусі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. (Мінск, 2015)
  • Гісторыя Мінска (Мінск, 2006) (кіраўнік часовага навуковага калектыву — акадэмік М.П. Касцюк)
  • Гісторыя Навагрудка – з глыбінь вякоў да нашых дзён (Мінск, 2014) (кіраўнік аўтарскага калектыву, гал. рэд. — акадэмік М.П. Касцюк)