Вспомним всех, когда вспомним всех!

<< Вернуться к предыдущей статье
<< ВЕРНУТЬСЯ В НАРОДНУЮ ЛЕТОПИСЬ
Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Вадзім Леанідавіч Лакіза
(г. Мінск)

У жыцці кожнага чалавека надыходзіць такі момант, калі пачынаеш разумець і шкадаваць, што нешта, што можна было б, ты не зрабіў, не паспеў, упусціў магчымасць пагаварыць з цікавым чалавекам, запісаць успаміны…
Аб гэтым я пачаў яшчэ больш задумвацца пасля выхаду першай кнігі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!». Вельмі актуальная і важнейшая акцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і непасрэдна Інстытута гісторыі НАН Беларусі для кожнага члена нашага грамадства. Акцыя, якая была прымеркавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі, стала пастаяннай, новыя матэрыялы паступаюць нам амаль кожны дзень. Ты размаўляеш з супрацоўнікамі Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі, выступаеш на канферэнцыях, круглых сталах і дыялогавых пляцоўках, у СМІ і ўспамінаеш пра сваё…
У школьныя гады (Хвінявіцкая СШ Дзятлаўскага раёна) мы са сваім класным кіраўніком Аляксандрам Васільевічам Канюшкевічам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ведалі кожнага вясковага ветэрана, актыўна дапамагалі ім, амаль штогод хадзілі ў паходы па месцах партызанскай славы, можна сказаць нават, што прабіраліся ў некаторыя месцы своеасаблівымі «партызанскімі сцяжынкамі». Накрышкі, Чырвоны Бор, Пушча-Ліпічанская, Раманавічы, Дубраўка, Дзям’янаўцы… Але, на вялікі жаль, спецыяльных запісаў успамінаў удзельнікаў вайны не рабілі, можа думалі, што яшчэ паспеем…
А ўжо будучы дарослым падчас археалагічных экспедыцый я зноў часта бываў у гэтых і іншых вёсках Пашчар’я і Панямоння, заўсёды спыняўся каля маста праз р. Шчара каля гары Высокія Магліцы, дзе былі расстраляны жыхары в. Вялікая Воля [1]. Каб успомніць тую далёкую, але і блізкую трагедыю страты родных мясцовага жыхара Івана Іосіфавіча Павачкі… Каб ніколі не забыць генацыд беларусаў на прыкладзе знішчэння вёсак у Ліпічанскай пушчы [2]: «Вёска Пушча Ліпічанская. Да вайны ў вёсцы было 156 двароў, пражывала 318 жыхароў… У снежні 1942 г. фашысцкія карнікі ўварваліся ў вёску, спалілі 106 двароў, расстралялі і спалілі жывымі 109 яе жыхароў»; «Вёска Гарадкі. У вёсцы да вайны меўся 51 двор і пражывала 385 жыхароў. 13 і 16 снежня 1942 г. фашысцкія карнікі ў два заходы знішчылі 48 двароў, растралялі і спалілі жывымі 367 яе жыхароў»; «Веска Трахімавічы. Да вайны было 23 двары, у якіх пражывала 165 чалавек. У снежні 1942 г. гітлераўскія каты акружылі вёску, спалілі 22 двары, расстралялі 142 яе жыхароў»; «Вёска Дубраўка. Да вайны ў вёсцы налічвалася 62 двары, пражывала 279 жыхароў. 1 кастрычніка 1942 г. фашысцкія карнікі спалілі вёску, расстралялі 102 яе жыхароў»; «Вёска Вялікая Воля. У вёсцы было 104 двары, пражывала 430 чалавек. 14 і 16 снежня 1942 г. фашысцкія каты акружылі вёску, спалілі ўсе дамы, растралялі і спалілі жывымі 364 мужчын, жанчын, дзяцей»…


Ганна Мікалаеўна Лакіза з унукамі Вадзімам і Алегам (на руках)


Сёння многія кажуць, што ўдзельнікі вайны не вельмі ахвотна дзяліліся ўспамінамі са сваімі роднымі пра тыя цяжкія часы. Успамінаю, што вельмі мала мы гаварылі пра вайну і ў сваіх сем’ях. Бабулі амаль не дзяліліся ўспа- мінамі пра тыя гады жыцця.
І зараз, калі размаўляю ўжо з маёй мамай Раісай Уладзіміраўнай Лакіза, яна таксама кажа пра гэта. Яе мама (Вольга Іванаўна Лях, 1916 года нараджэння) падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ў в. Ляхі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Адным з найбольшых уражанняў для яе і вяскоўцаў на ўсё жыццё заставалася расправа над вязнямі Клецкага гета… Сама ж вёска знаходзілася далекавата ад тэрыторыі асноўных падзей. Іншых слоў было мала, у большасці ўсё лаканічна, немцы, партызаны, голад, складана… Бацька мамы, Уладзімір Паўлавіч Фалітар, 1914 года нараджэння, не прызываўся па стане здароўя, не ваяваў, часам дапамагаў партызанам як сувязны. З 1945 года працаваў на шахтах Кузбаса, моцна пацярпеў падчас аварыі ў шахце…


Ганна Мікалаеўна Лакіза (з правага боку) з сынам Леанідам
і сястрой Юляй Мікалаеўнай Нагавонскай


Другая мая бабуля (Ганна Мікалаеўна Лакіза, у дзявоцтве Нагавонская, 1923 года нараджэння) з в. Явар Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. З маленства я ведаў, што баба Аня, як унукі яе называлі, і яе сястра баба Юля, былі вывезены падчас вайны ў Германію, цяжка працавалі. Але таксама падрабязна бабуля пра тыя гады нам унукам не расказвала. Ужо пасля выхаду кнігі гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Дзятлаўскі раён», мы дакладна даведаліся пра лёс яе роднага брата Канстанціна Мікалаевіча Нагавонскага, 1920 года нараджэння, які загінуў у 1943 годзе. Канстанцін разам са сваімі аднавяскоўцамі былі членамі Яварскай падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі (існавала з верасня 1941 па ліпень 1944 года) (паводле некаторых успамінаў — намеснікам кіраўніка арганізацыі). Вясной 1943 года Канстанцін стаў партызанам. У час аднаго з рэйдаў на чыгунку каля станцыі Гаўя 1 лістапада 1943 года ён прыкрываў адыход групы, быў цяжка паранены ў ногі, прыняў агонь на сябе і падарваў сябе гранатай. У кнізе «Памяць» пазначана, што пахаваны Канстанцін у в. Лудзічы.
Пра апошнія звесткі мне расказвала мая родная цётка, Людміла Мікалаеўна Лапата (Лакіза) — гісторык, якая пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы ўсё жыццё працуе настаўнікам гісторыі на Дзятлаўшчыне. На маё рашэнне стаць гісторыкам аказала значны ўплыў менавіта Людміла Мікалаеўна, а ўжо выбраць прафесію археолога — класны кіраўнік Аляксандр Васільевіч… Калі ж ў маёй цёткі пытаюцца, чаму яна стала настаўнікам гісторыі, то адказ атрымліваецца даволі нечаканы: «Звычайна кажуць, што палюбіць гэты прадмет дапамагла настаўніца, а для мяне гэта была яшчэ і мая мама». Давайце пачытаем разам, чаму…

1. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзятлаўскага раёна. Мінск : Універсітэцкае, 1997. С. 130.
2. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзятлаўскага раёна. Мінск : Універсітэцкае, 1997. С. 120—129.