Эпизоды из жизни моего дедушки

<< Вернуться к предыдущей статье
<< ВЕРНУТЬСЯ В НАРОДНУЮ ЛЕТОПИСЬ
Дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта,
член Саюза пiсьменнiкаў Беларусi,
кандыдат гістарычных навук
Вiктар Iванавiч Ермаловiч
(г. Мінск)

Мой дзед Мiкiта Гаўрылавiч Ермаловiч Вялiкую Айчынную вайну сустрэў кадравым вайскоўцам. Яшчэ 1 лютага 1933 г. амаль у юным узросце ён добраахвотнiкам пайшоў на службу ў Чырвоную Армiю. Дарэчы, у той час у нашай краiне не было ўсеагульнага воiнскага абавязку, закон аб якім быў прыняты ў СССР у 1939 г. За дзесяць год мой дзед прайшоў шлях ад радавога чырвонаармейца 11-га чыгуначнага палка Асобага корпуса, якi быў расквартыраваны на Далёкiм Усходзе да маёра Савецкай Армii. Баявое хрышчэнне ён атрамаў на сваёй малой Радзiме ў лiпенi 1941 г., дзе ў званнi тэхнiка-iнтэнданта 2-га ранга (лейтэнант — В. Е.) служыў на пасадзе начальнiка 3-й часцi Талачынскага райваенкамата Вiцебскай вобласцi.
А атрымалася ўсё так! 5 лiпеня 1941 г. перадавыя часцi 47-га нямецкага танкавага корпуса прарвалi абарону савецкiх войск i захапiлi частку г. Талачына. Тым самым яны iмкнулiсь перарэзаць аўтамагiстраль Мiнск—Масква на вучастку Славенi—Талачын, а потым нанесцi раптоўны ўдар у напрамку г. Оршы. Значных фармiраванiй савецкiх войск у гэты час там не было. Шлях ворагу заступiў невялiкi атрад з вайскоўцаў, супрацоўнiкаў мiлiцыi i дабраахвотнiкаў з лiку мясцовага насельнiцтва, якi ўзначалiлi лейтэнант Чырвонай Армii Фёдар Анісімавіч Бараўнёў i мой дзед М. Г. Ермаловiч. На мосце праз р. Друць байцы атрада з жалезных канстукцый i камянёў узвялi вялiкае па сваiх памерах умацаванне з мэтай затрымаць рух варожай тэхнiкi. У абаронцаў моста не было выбуховых рэчаў для яго знiшчэння. Разведгрупу нямецкiх матацыклiстаў, якая паспрабавала наблiзiцца да моста, савецкiя воiны абстралялi з кулямётаў i вiнтовак. Хутка надыйшоў вечар, пачало цямнець! Працiўнiк вырашыў, што мост замiнiраваны, i больш не спрабаваў захапiць яго. Вораг чакаў ранiцы.
Ранiцай 6 лiпеня 1941 г. немцаў нападкаў непрыемны сюрпрыз. З захаду да г. Талачына падышлi перадавыя часцi дывiзii Я. Р. Крэйзера, якiя з баямi адыходзiлi ад г. Барысава. Палкоўнiк Крэйзер выкарыстаў тактыку рухомай абароны. Днём часцi дывiзii вялi баi, а ноччу адрывалiся ад працiўнiка на 10—15 км i займалi абарону на новым зручным рубяжы. Такiм чынам, маскоўская мотастралковая дывiзiя падыйшла да г. Талачына з нямецкага тылу i нанесла моцны, нечаканы ўдар. Бой за горад працягваўся 16 гадзiн. Горад двойчы пераходзiў з рук у рукi. 7 лiпеня г. Талачын быў на некалькi дзён вызвалены ад немцаў. У баях за горад асаблiва вызначылiся байцы 115-га танкавага палка пад камандаваннем маёра Сяргеева i артылерысты 123-га асобнага дывiзiёна супрацьтанкавых гармат. Савецкiя воiны ў гэтых баях знiшчылi вялiкую колькасць жывой сiлы i тэхнiкi працiўнiка, захапiлi ў палон 800 нямецкiх салдат i афiцэраў i сцяг 47-га Берлiнскага танкавага корпуса вермахта. Аднак праз некалькi дзён г. Талачын быў пакiнўты савецкiмi воiнамi. I праз нядоўгi час дарогi вайны надоўга развялi лёсы ўдзельнiкаў тых падзей, у тым лiку майго дзеда i яго баявого сябра па тых векапомных падзеях 1941 г. Фёдара Анiсiмавiча Бараўнёва. Сустрэцца iм давялося толькi праз 25 год, калi ў 1960-я гады палкоўнiк Ф. А. Бараўнёў быў адным з кiраўнiкоў супрацьпаветранай абароны Беларусi, а мой дзед стаў пенсiянерам па стане здароў’я. Вайна страляла ў салдат i праз дзесяцiгоддзi.


Ф. А. Бараўнёў з сям’ёй. г. Мінск. 1950-я гады

У жнiўнi 1941 г. дзед быў залiчаны ў рэзерв афiцэрскага складу Заходняга фронту i накiраваны на курсы камандзiраў по спецыяльнасцi «камандзiр роты». Аднак, завяршыць вучобу яму не давялося. У кастрычнiку 1941 г. нямецкая армiя прарвала Заходнi фронт у раёне г. Вязьмы, i войскi працiўнiка хутка рушылi да г. Масквы. Вельмi цяжкiя ўмовы склалiся каля г. Мажайска, дзе ў гэты час амаль не было савецкiх войск. З мэтай затрымаць ворага на мажайскiм напрамку туды былi накiраваны два зводных атрада. Адзiн быў сфармiраваны з курсантаў ваеннага вучылiшча, а другi — з афiцэраў, якiя з’яўлялiся слухачамi курсаў камандзiраў Чырвонай Армii. Сярод байцоў апошняга i быў куляметчык, лейтэнант М. Г. Ермаловiч. «Вораг меў колькасную перавагу i быў узброены да зубоў, — успамiнаў Мiкiта Гаўрылавiч. — Некалькi дзён мы стрымлiвалi значныя сiлы працiўнiка, пакуль да нас не падышлi значныя падмацаваннi са складу 18-й i 19-й танкавых брыгад i 32-й стралковай дывiзii палкоўнiка В. I. Паласухiна. Дарэчы часцi апошняй займалi пазiцыi на гiстарычна вядомым Барадзiнскiм полi, дзе разам з немцамi супраць савецкiх войск дзейнiчаў добраахвотны легiён французскiх фашыстаў. Нельга змаўчаць i той факт, што страты байцоў нашага атрада з лiку слухачоў камандзiрскiх курсаў склалi амаль 90 % забiтымi i параненымi. Праз дванадцаць дзён баёў нас адазвалi з перадавой, але вучыцца мне ўжо не давялося. Я быў прызначаны камандзiрам узвода 1316-га асобнага сапёрнага батальёна, у складзе якога далей баранiў сталiцу нашай Айчыны, а затым удзельнiчаў у канчатковым разгроме ворага пад г. Масквой у снежнi 1941 — лютым 1942 г. Мне давялося прайсцi ўсю Вялiкую Айчынную вайну i застацца жывым. Удзельнiчаў у абароне г. Масквы, ваяваў на Курска-Арлоўскай дузе, вызваляў Украiну, Беларусь, Польшчу, удзельнiчаў у штурме г. Берлiна. Камандаваў узводам, ротай, батальёнам, быў на штабной рабоце. Дарэчы, сапёр апошнiм пакiдае свае пазiцыi, калi адступае пад нацiскам ворага, i заўсёды знаходзiцца ў першых радах сваiх наступаючых войск. Не дарма кажуць, што сапёр памыляецца толькi адзiн раз! Гэта вялiкае шчасце, што я застаўся жывым! Дзяржава адзначыла мяне шэрагам баявых узнагарод, аднак асаблiвую каштоўнасць уяўляе для мяне медаль «За абарону Масквы». З атрыманнем гэтай узнагароды, якая стала вынiкам нашай першай i значнай перамогi, канчаткова прыйшла ўпэўненасць у нашай агульнай i канчатковай перамозе над жахлiвым ворагам».


Фота М. Г. Ермаловіча з подпісам на адваротным баку.
Паўночна-Заходні фронт. 25 кастрычника 1942 г.


Давялося Мiкiце Гаўрылавiчу ўдзельнiчаць i ў вызваленнi роднай Беларусi. Капiтан М. Г. Ермаловiч у складзе 8-й штурмавой iнжынерна-сапёрнай брыгады Беларускага фронта ўдзельнiчаў у вызваленнi г. Гомеля. 26 лiстапада 1943 г. пасля жорсткiх баёў г. Гомель быў вызвалены. У апошнiя днi лiстапада 1943 г. Мiкiта Гаўрылавiч узначалiў зводны атрад з двух рот брыгады, якi быў накiраваны ў г. Гомель. Воiны займалiся размiнiраваннем жыццёваважных аб’ектаў. Там адбылося адначасова нечаканае i радаснае здарэнне. Дзед сустрэўся са сваiм стрыечным братам Iльёй Кожарам, таксама ўраджэнцам Талачынскага раёна (I. П. Кожар у гады Вялiкай Айчыннай вайны быў камандзiрам Гомельскага партызанскага злучэння, сакратаром Гомельскага падпольнага абкома КП(б)Б, генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза). Праз многа гадоў Мiкiта Гаўрылавiч успамiнаў: «Iшла кровапралiтная вайна ў гiсторыi чалавецтва, кожны дзень лiчыўся за год мiрнага жыцця. У той час мы яшчэ не ведалi, што многiя нашы сваякi ўжо загiнулi на франтах Вялiкай Айчыннай вайны, сярод iх быў мой адзiны родны брат Сцяпан Гаўрылавiч. Ён таксама з першых дзён пайшоў на фронт. Мы нават не змаглi даведацца, у якiм месцы ён пахаваны. У сувязi з нашай сустрэчай Iлья Паўлавiч наладзiў сяброўскую вячэру, дзе разам з намi прысутнiчалi некалькi яго партызанскiх таварышаў: Е. I. Барыкiн (сакратар падпольнага Гомельскага гаркома КП(б)Б, важакi маладзежнага падполля Гомельскай вобласцi I. Я. Палякоў (у будучым вiдны дзяржаўны дзеяч Беларусi, у 1977—1985 гг. з’яўляўся старшынёй Прэзiдыума Вярхоўнага Савета БССР), А. Д. Рудак (у 1960—70-х гадах з’яўляўся першым намеснiкам старшынi КДБ БССР, генерал-маёр). Наша размова была доўгай i шчырай, з якой шмат даведаўся не толькi аб гераiчных, але i трагiчных старонках партызанскай барацьбы ў Беларусi ў гады нямецкай акупацыi. Напрыклад, у лiпенi—жнiўнi 1941 г. на тэрыторыi Гомельскай вобласцi было арганiзавана 65 партызанскiх атрадаў i груп, у сярэднiм па 5 на кожны раён. Колькасць партызан складала каля 2 тыс. чалавек. У лiстападзе—снежнi 1941 г. колькасць партызанскiх атрадаў i груп не перавышала 10, якiя налiчвалi прыкладна 150 чалавек. Падобныя з’явы назiралiся i ў iншых рэгiёнах Беларусi.
Перамога Чырвонай Армii пад г. Масквой адыграла таксама станоўчую ролю ў справе актывiзацыi партызанскага руху ў Беларусi. Ужо ў зiмовыя месяцы 1942 г. колькасны склад партызан значна вырас. Акупанты таксама пачалі лiчыць iх за рэальную сiлу. Пра гэта сведчыць такi факт. Калi ў першыя месяцы акупацыi немцы прапанавалi за злоўленага партызана вельмi малую ўзнагароду — лiтр шнапсу i пару пачак махоркi, або 10 нямецкiх марак грашыма, то па меры актывiзацыi партызанскiх дзеянняў ужо зiмой 1941/42 гг. гэта цана вырасла да 5000 марак. Безумоўна, на такую форму барацьбы супраць партызан захопнiкi спадзявалiся мала. У хуткiм часе партызанскi рух ў Беларусi набыў такiя маштабы, што нават з дапамогай буйных карных экспедыцый з iм справiцца было немагчыма. Толькi партызанскае злучэнне Гомельскай вобласцi налiчвала 16 тысяч чалавек».
Потым быў удзел у вызваленнi Польшчы. З жнiўня 1944 г. дзед ваяваў у 18-й штурмавой iнжынерна-сапёрнай брыгадзе. Ён там займаў пасаду намеснiка начальнiка штаба брыгады, якая ўваходзiла ў склад 47-й армii. якой Ёй камандываў таксама беларус, ураджэнец Докшыцкага раёна Вiцебскай вобласцi, генерал-лейтэнант Ф. I. Перхаровiч. Пад яго камандаваннем войскi армii прарвалi добраўмацаваную абарону працiўнiка i хутка фарсiравалi р. Вiслу, чым забяспечылi вызваленне сталiцы Польшчы — г. Варшавы. Пераправы, якiя забяспечылi паспяховае фарсiраванне р. Вiслы былi наладжаны воiнамi 18-й штурмавой iнжынерна-сапёрнай брыгады. За актыўны ўдзел у гэтай аперацыi маёр М. Г. Ермаловiч быў узнагароджаны медалём «За вызваленне Варшавы» i падзякай Вярхоўнага Галоўнакамандуючага маршала таварыша I. В. Сталiна.

Перамогу Мiкiта Гаўрылавiч сустрэў у 1945 г. на тэрыторыi павержанай Германii. Маёр М. Г. Ермаловiч удзельнiчаў у складзе 18-й штурмавой iнжынерна-сапёрнай Ковельскай брыгады ў штурме г. Берлiна. Аб чым нагадваюць медалi «За авалоданне Берлiнам», «За перамогу над Германiяй» i дзевяць падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
Дзеду вельмі пашанцавала. Ён здолеў дайсці не толькі да Берліна, але і да Рэйхстага, на сцяне якога 2 мая 1945 г. зрабіў асабісты надпіс «Шёл сюда с 1941 г. Майор Ермолович».

Пасля авалодання г. Берлiнам, 18-я штурмавая iнжынерна-сапёрная Ковельская брыгада ў складзе 47-й армii выйшла на рубеж р. Эльбы. Канчаткова гэта аперацыя была завершана 7 мая 1945 г. Войскi армii, у тым лiку i 18-я брыгада, ў гэты час лiквiдавалi 50-тысячную групоўку нямецкiх войск, якая вырвалася з г. Берлiна i рухалася на захад. Разам з нямецкiмi вайскоўцамi насустрач 9-й амерыканскай армii iшлi каля 300 кiраўнiкоў нацысцкай партыi i германскай дзяржавы. Групоўка была лiквiдавана. 18-я штурмавая iнжынерна-сапёрная брыгада была расквартыравана ў г. Галле — акружным адмiнiстратыўным цэнтры, горадзе буйной хiмiчнай вытворчасцi. Некалькi месяцаў у 1945 г. маёр М. Г. Ермаловiч з’яўляўся камендантам г. Галле. «Мы перамаглi, — успамiнаў у адной з нашых апошнiх размоў дзед, — аднак мiрнае жыццё ставiла новыя, часам не менш складаныя задачы. Летам 1945 г. я быў прызначаны на пасаду каменданта г. Галле, прыйшлося займацца не толькi вайсковымi пытаннямi, але i наладжваннем грамадзянскага жыцця даволi значнага па сваiх памерах горада. У першую чаргу насельнiцтва стотысячнага горада трэба было накармiць. Прыйшлося таксама займацца пытаннямi адукацыi, аховы здароў’я i iншымi. Шмат у чым мы нават вучылiся ў немцаў. Напрыклад, узорна была наладжана сiстэма сярэдняй адукацыi ў школах горада, асаблiва фiзiчнае выхаванне моладзi. У галiне аховы здароў’я мы i цяпер, праз некалькi дзесяцiгоддзяў, маем значныя адставаннi. Напрыклад, у кабiнеце кожнага нямецкага зубнога ўрача ўжо ў тыя часы звычайнай справай быў рэнтгенаўскi аппарат, што дазваляла праводзiць лячэнне на выснове якаснай дыагностыкi. Многае з таго, што даведаўся ў час службы ў Германii, спатрэбiлася мне ў час мiрнай працы, пасляваеннага адраджэння роднай зямлi».
У лютым 1946 г. па ўласным жаданні маёр М. Г. Ермаловiч дэмабiлiзаваўся з Чырвонай Армii, вярнуўся на радзiму, дзе з сакавiка 1946 г. узначалiў у роднай вёсцы калгас VI з’езд Саветаў, якi вядомы пасля ўзбуйнення як калгас «Гiгант».
Вясной 1949 г. Мікіта Гаўрылавіч быў прызначаны дырэктарам Гаршчэўшчынскага сельскагаспадарчага прадпрыемства жывёлагадоўлi, якое было iм пабудавана лiтаральна на пустым месцы. Ужо праз год М. Г. Ермаловіч скарыстаў свае багатыя веды ў галiне будаўнiцтва, якiя набыў за гады службы ў iнжынерна-сапёрных войсках, а таксама добрыя адносiны з дырэктарам мясцовага спiртзавода i пабудаваў трубаправод, з дапамогай якога рэшткi вытворчасцi сталi кормам для жывёлагадоўчага прадпрыемства. У той час, калi ў нашай краiне назiралася знiжэнне пагалоўя жывёлы з-за недахопа кармоў, у гаспадарцы, якую ўзначалiваў мой дзед, справы iшлi добра. Вырасла амаль у два разы пагалоўе жывёлы i раслi яе асабiстыя прывесы. Таму не дзiўна, што гаспадарка ўжо праз некалькi гадоў прыносiла дзяржаве значны прыбытак.
На пачатку 1950-х гадоў Мiкiта Гаўрылавiч быў накiраваны ў г. Кобрын Брэсцкай вобласцi на пасаду раёнага кiраўнiка сельскай гаспадаркi. У красавiку 1955 г. ён атрымаў сваё апошняе прызначэнне на пасаду кiраўнiка Iвянецкага мiжрайонага ўпраўлення заготскот Мiнскай вобласцi. З гэтай пасады ён у пачатку 1960-х гадоў выйшаў на пенсiю па стане здароўя, як iнвалiд Вялiкай Айчыннай вайны. Апошнiя гады свайго жыцця ён пражываў у г. Iвянец Мiнскай вобласцi. 24 лютага 1977 г. скончыўся яго жыццёвы шлях — шлях аднаго з мiльёнаў савецкiх салдат — салдат Перамогi.