A love born under bullets

<< Вернуться к предыдущей статье
<< ВЕРНУТЬСЯ В НАРОДНУЮ ЛЕТОПИСЬ
Вучань 6 «А» класа
ДУА «Сярэдняя школа № 21 імя
М. Ф. Гастэлы г. Мінска»
Арсеній Касцючэнка

Здаецца, што вайна i каханне не сумяшчальныя, але гiсторыя маёй сям’і сведчыць аб iншым.
Пасля вызвалення Вiцебскай вобласцi ад нямецка-фашысцкiх захопнікаў у 1944 годзе маладая сямнаццацiгадовая дзяўчына Нiна трапіла на фронт санітаркай. Там служыў рускі афіцэр Фёдар Iванавiч Малышкiн, пад кіраўніцтвам якога байцы забяспечвалі бесперабойную сувязь на перадавой. Нiна, рызыкуючы жыццём, выцягвала з поля бою цяжка параненых, знаходзіла цёплыя словы падтрымкі для тых, каму было невыносна балюча. Каханне памiж Фёдарам i Нiнай успыхнула з першага погляду і мацнела на працягу ўсяго жыцця.



Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Фёдара зноў прызвалi на фронт. Пачалася савецка-японская вайна. У гэты момант Нiна была ўжо цяжарная, i яе камiсавалi на радзiму ў вёску Вузкае Вiцебскай вобласцi. Там яна нарадзiла дачку Зiну, маю бабулю. Ваеннае жыццё Фёдара Іванавіча працягвалася: яго камандзiравалі на Далёкi Усход. I толькi праз чатыры гады з маленькай дачкой на руках Ніна, не вытрымаўшы доўгай разлукі з каханым, праз увесь Савецкi Саюз здолела прыехаць да мужа. Сям’я аб’ядналася, але вайна засталася неад’емнай часткай гэтай сям’і і месцам нараджэння вялікага і светлага пачуцця.
Зараз мая прабабуля Нiна Ягораўна прыкавана да ложка. Мы шчыра клапоцімся пра яе, паколькi любім i паважаем. Яна вучыць нас чуласці і дабрыні, а мудрыя парады роднага чалавека з насычаным жыццём вопытам дапамагаюць нам спраўляцца з цяжкасцямі. Я слухаю прабабуліны аповеды пра вайну і здзіўляюся, колькі цвёрдасці і рашучасці было ў той сямнаццацігадовай дзяўчыне, якая разам з іншымі абаронцамі дзень за днём набліжала Перамогу.