Levko Olga Nikolajevna

26 кастрычніка 2021 г. абарвалася жыццё вядомага беларускага археолага, гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара, Заслужанага дзеяча навукі Беларусі, галоўнага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольгі Мікалаеўны Ляўко.

Яна нарадзілася 21 мая 1947 г. у в. Астравок Капыльскага раёна Мінскай вобласці. У 1972 г. скончыла гістарычны факультэт БДУ. Больш чым 50 гадоў, пачынаючы з 1970 г., Вольга Мікалаеўна працавала ў Інстытуце гісторыі АН БССР: лабарантам, з 1974 па 1983 г. — малодшым навуковым супрацоўнікам, з 1983 па 2001 г. — старшым навуковым супрацоўнікам, з 2001 па 2005 гг. — вядучым навуковым супрацоўнікам. З 2006 г. па 2020 г. яна ўзначальвала цэнтр гісторыі даіндустрыяльнага грамадства, а затым цэнтр археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Працяглы час з’яўлялася намеснікам старшыні Экспертнага савета № 5 ВАК Рэспублікі Беларусь, рэдактарам зборніка навуковых артыкулаў “Матэрыялы па археалогіі Беларусі”, старшынёй Палявога камітэта, старшынёй прафсаюзнай арганізацыі.

У 1983 г. Вольга Мікалаеўна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Витебск XIV–XVIII вв. (по археологическим данным)», тым самым заклаўшы падмуркі для развіцця новага накірунка ў беларускай археалогіі — археалогіі Новага часу. У 2000 г. абараніла доктарскую дысертацыю «Формирование и развитие территориально-административных центров северо-восточной Беларуси в IX–XVIII вв.». З 2010 г. — прафесар.

Асноўная ўвага даследчыцы была скіравана на вывучэнне пытанняў айчыннай сярэдневяковай гісторыі і археалогіі, этна- і культурагенэзу славян, фарміравання і развіцця раннедзяржаўных структур, тэрытарыяльна-адміністратыўных утварэнняў IX–XVIII стст. Сярод дзесяткаў даследаваных помнікаў археалогіі (гарадоў, замкаў, селішчаў, пахавальных помнікаў) — Віцебск, Орша, Копысь, Шклоў, Гарадок, Езярышча, Кісялі, Талачын, Багрынава, Новы Болецк, Арэхаўск, Смалькі і г.д. Вялікі навуковы і арганізацыйны вопыт дазволіў ёй стаць аўтарам канцэпцыі і кіраўніком стварэння археалагічнай навукова-музейнай экспазіцыі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі “Развіццё археалагічнай навукі ў НАН Беларусі” (2007 г.).

У 2016 г. праца В.М. Ляўко “Кардон — новы археалагічны комплекс эпохі вікінгаў (VIII–X стст.) ва Усходняй Еўропе” увайшла ў ТОП-10 вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў.

Значным навуковым укладам Вольгі Мікалаеўны з’яўляецца распрацоўка курсаў па ўводзінах у археалогію, гісторыі развіцця археалагічнай навукі, практычнай археалогіі ў зонах новабудоўляў.

В.М. Ляўко — аўтар дзесяткаў манаграфій і соцен навуковых і энцыклапедычных артыкулаў. Сярод грунтоўных манаграфічных выданняў — “Средневековое гончарство северо-восточной Белоруссии” (1992 г.), “Средневековая Орша и её округа” (1993 г.), “Средневековые территориально-административные центры северо-восточной Беларуси: формирование и развитие” (2004 г.), “Витебск” (2010 г.), “Друцк” (2014 г.) і інш. Вольга Мікалаеўна з’яўлялася суаўтарам калектыўных манаграфій “Гісторыя Беларусі” у 6 т. (т. 1, 2000 г.), “Археалогія Беларусі” у 4 т. (т.1., 2001 г.), “Славяне на территории Беларуси в догосударственный период» (кн. 1, 2) (2016, 2019 гг.), «История белорусской государственности» у 5 т. (т. 1, 2018 г.) і інш.

В.М. Ляўко ўнесла значны ўклад у падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Член савета па абароне доктарскіх дысертацый, яна з’яўлялася навуковым кіраўніком аспірантаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, навуковым кансультантам па доктарскіх дысертацыях. Шмат маладых навукоўцаў атрымалі свой шлях у навуку дзякуючы энэргіі, кансультацыям і падтрымцы Вольгі Мікалаеўны.

За свае дасягненні ў навуковай сферы Вольга Мікалаеўна неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі Прэзідыума НАН Беларусі, Міністэрстваў, абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, ВАК Рэспублікі Беларусь. На дзяржаўным узроўні В.М. Ляўко за асабістыя поспехі ў вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны ўзнагароджана медалём “За трудовые заслуги” і званнем “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь” (2017).

Калектыў Інстытута гісторыі НАН Беларусі выказвае шчырыя спачуванні родным, сябрам, калегам Вольгі Мікалаеўны Ляўко.