Публікацыі 2020 г.

Крэва: гісторыя, археалогія, культурная спадчына: зборнік навуковых артыкулаў / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., навук. рэд. А. I. Дзярновіч. — Мінск : Беларуская навука, 2020. — 460 с.: іл. — (Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі).
У зборніку навуковых артыкулаў прадстаўлена багатая гістарычная, археалагічная, культурная спадчына Крэва. Змешчаныя матэрыялы тычацца праблем балта-славянскіх кантактаў, гісторыі Крэўскага замка і мястэчка ў перыяд позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу, падзей Першай сусветнай вайны ў Крэве, гісторыі мястэчка ў міжваенны перыяд; асобна прадстаўлены матэрыялы, звязаныя з князем Даўмонтам. Выданне разлічана на навукоўцаў і краязнаўцаў. Будзе карысным навучэнцам і ўсім, хто цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай нашай краіны.
Валовічы герба «Багорыя» / А. I. Шаланда [і інш.] ; навук. рэд. А. I. Шаланда ; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — 2-е выд. — Мінск: Беларуская навука, 2020. — 293 с. : іл. — (Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі).
Калектыўная манаграфія з’яўляецца працягам выдання «Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ХV–ХVІІІ стст.» (Мінск, 2014) і прысвечана невядомым і маладаследаваным старонкам гісторыі славутага беларускага магнацка-шляхецкага роду Валовічаў. У яе аснову леглі матэрыялы, апрабіраваныя на Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Валовічы-2: гісторыя, генеалогія, культура (ХV–ХХ стст.)» (Гродна, 24–25 красавіка 2015 г.), а таксама іншыя даследаванні як айчынных, так і замежных навукоўцаў. У выданні разгледжаны праблемы генеалогіі, геральдыкі, сфрагістыкі роду Валовічаў, палітычныя кар’еры і маёмасны стан яго прадстаўнікоў, іх уклад у развіццё культуры ВКЛ і Беларусі ў ХV–ХХ стст. Разлічана на навукоўцаў і краязнаўцаў, а таксама на ўсіх тых, хто цікавіцца айчын-най гісторыяй, генеалогіяй, геральдыкай і сфрагістыкай.
Расонскі край: гісторыя, культура, людзі: да 100-годдзя з дня нараджэння П. М. Машэрава : зб. навук. арт. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; навук. рэд. М. В. Клімаў. – Мінск : Беларуская навука, 2020. – 227 с. : іл. – (Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі).
У зборніку разгледжаны пытанні, звязаныя з археалогіяй і гісторыяй г.п. Расоны і Расонскага краю ад старажытнасці да нашых дзён. Змешчаны апошнія вынікі археалагічных і этналагічных даследаванняў на тэрыторыі Расоншчыны. Асобнай тэмай у зборніку прадстаўлена тэма жыцця і дзейнасці П. М. Машэрава, а таксама падзей Вялікай Айчыннай вайны. Разлічана на навукоўцаў, краязнаўцаў, настаўнікаў школ і працаўнікоў культуры. Выданне карысна ўсім тым, хто цікавіцца культурна-гістарычнай спадчынай нашай краіны і вывучае рэгіянальную гісторыю.