Аб інстытуце

Дзяржаўная навуковая ўстанова
«Інстытут гісторыі НАН Беларусі»
вул. Акадэмічная, 1, 220072,
г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Тэл./Факс: (+375 17) 379-18-34
E-mail: ii@history.by
Вэб-сайт: http://history.by

Статут Інстытута гісторыі НАН Беларусі / спампаваць

Вядучы цэнтр навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь у галіне гісторыі, археалогіі і антрапалогіі, адзін са старэйшых навуковых інстытутаў НАН Беларусі. Заснаваны 15 кастрычніка 1929 г. Інстытут удзельнічае ў выкананні міжнародных навуковых праектаў, мае ўстойлівыя сувязі з навуковымі цэнтрамі Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Францыі, Сербіі і інш. Стрыжань навуковай дзейнасці вучоных інстытута – даследаванні сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага, дзяржаўнага, нацыянальнага, культурнага развіцця, міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі, а таксама арганізацыя мерапрыемстваў па вывучэнні, захаванні, практычным выкарыстанні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны краіны.

Створаны 15 кастрычніка 1929 г. на базе кафедраў усеагульнай гісторыі, гісторыі Беларусі, гісторыі беларускага права, археалогіі, этнаграфіі, гістарычнай геаграфіі, камісій па вывучэнні гарадоў, археаграфічнай і гісторыі адукацыі. Да 1931 г. насіў назву Інстытут гістарычных навук. У сярэдзіне 30-х гадоў у складзе інстытута меліся секцыі гісторыі народаў СССР і БССР, па вывучэнні Заходняй Беларусі, гісторыі Захаду, археалогіі і этнаграфіі. Спачатку ў інстытуце працавала каля 10 чалавек, у 1935 г. — 20 чалавек. У 1929–1941 гг. супрацоўнікамі інстытута было апублікавана 32 манаграфіі.

У 30-я гады праца інстытута праходзіла ў складаных умовах. У снежні 1930 г. быў пазбаўлены звання акадэміка У.І.Пічэта, у лютым 1931 г. скончыў жыццё самагубствам першы дырэктар інстытута У.М.Ігнатоўскі. У 30-я гг. падвергліся палітычным рэпрэсіям і былі асуджаны супрацоўнікі інстытута акадэмікі: П.В.Горын (Каляда), С.Ю.Матулайціс, З.Ф.Жылуновіч, У.І.Пічэта, Е.І.Рыўлін, В.А.Сярбента, В. К. Шчарбакоў; член-карэспандэнт С.X.Агурскі, інш.

У гады Вялікай Айчыннай вайны частка супрацоўнікаў інстытута знаходзіліся ў савецкім тыле. У чэрвені 1944 г. было прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці Інстытута гісторыі. Супрацоўнікі інстытута ваявалі з нямецкімі захопнікамі ў радах Чырвонай Арміі (Д.А.Дудков, А.І.Залескі, 3.Ю.Капыскі, Я.І.Карнейчык, І.Ф.Лочмель (загінуў на фронце), падпольшчыкам быў вучоны сакратар інстытута М.С.Махнач (расстраляны немцамі ў 1944 г.). Гітлераўцы вывезлі інстытуцкія археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі, знікла картатэка па ўліку помнікаў, археалагічная фотатэка, рукапісы неапублікаваных прац.

У 1946 г. у інстытуце працавалі 2 дактары і 6 кандыдатаў навук, 7 старшых і 4 малодшыя навуковыя супрацоўнікі. У пасляваенныя гады працягвалася распрацоўка археалогіі Беларусі, гісторыі рабочага класа, аграрных адносін. Шмат увагі надавалася гісторыі стварэння БССР, сацыялістычнага будаўніцтва, пачалася распрацоўка гісторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прыкметнай з’явай у беларускай гістарыяграфіі стала выданне абагульняючай працы “Гісторыя Беларускай ССР” (т. 1, 1954 г., т. 2, 1961 г.).

Пашыралася тэматыка даследаванняў. У 1957 г. быў створаны сектар гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі, у 1962 г. — сектар гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва, у 1969 г. — сектар гісторыі камуністычнага будаўніцтва. Значным вынікам дзейнасці інстытута стала выданне ў першай палове 70-х гадоў 5-томнай “Гісторыі Беларускай ССР” (старшыня галоўнай рэдакцыйнай калегіі І.М.Ігнаценка).

З другой паловы 80-х гадоў актуалізавалася тэматыка даследаванняў. Створаны новыя аддзелы: археалогіі жалезнага веку, спецыяльных гістарычных навук, гісторыі нацыянальна-культурнага будаўніцтва. Адным з галоўных накірункаў навуковай дзейнасці інстытута стала распрацоўка гісторыі беларускага этнасу, больш шырока стала даследавацца палітычная гісторыя беларускага народа. У 1985–1995 гг. інстытутам выдадзена больш за 80 манаграфічных прац.

Кадры для інстытута рыхтуюцца праз аспірантуру. З 1976 г. працуе савет па абароне дысертацый на суісканне вучонай ступені доктара (кандыдата) гістарычных навук. У 1950-я гады інстытут стаў каардынуючым цэнтрам у рэспубліцы па вывучэнні гісторыі Беларусі. З 1960 г. у ім працуе навуковы савет па каардынацыі навуковых даследаванняў.

Дырэктары інстытута: У.М.Ігнатоўскі (1929–1931); П.В.Горын (Каляда) (1931–1936); В.К.Шчарбакоў (1936–1937); М.М.Нікольскі (1937–1953); І.С. Краўчанка (1953–1965); Н.В.Каменская (1965–1969); І.М.Ігнаценка (1969–1975); П.Ц.Петрыкаў (1975–1988); М.П.Касцюк (1988–1999); М.С.Сташкевіч (1999–2004, в.а..дырэктара); А.А.Каваленя (2004–2010); В. В. Даніловіч (2010–2020); В. Л. Лакіза (з 2020 г. і па цяперашні час).

У інстытуце працавалі акадэмікі П.В.Горын (Каляда), З.Ф.Жылуновіч (Цішка Гартны), І.М. Ігнаценка , У.М. Ігнатоўскі, І.С.Краўчанка, С.Ю.Матулайціс, М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, Е.І. Рыўлін, В.А. Сярбента, В.К.Шчарбакоў, А.Н.Ясінскі, М.П. Касцюк, члены-карэспандэнты С.X.Агурскі, Н.В.Каменская, П.Ц. Петрыкаў, К.І.Шабуня.

Сённяшні навуковы патэнцыял інстытута: 7 дактароў навук, 45 кандыдатаў навук і 72 супрацоўнікаў без вучонай ступені. Інстытут удзельнічае ў распрацоўцы рэспубліканскіх і рэгіянальных навуковых праектаў; валодае ўстойлівымі міжнароднымі сувязямі. Усталяваны доўгачасовыя кантакты з навуковымі цэнтрамі Расіі, Польшчы, Літвы і інш. дзяржаў. Нараўне з азнаямленчымі паездкамі і ўдзелам у навуковых форумах, выкарыстоўваюцца такія формы, як сумесная публікатарская дзейнасць, камандзіроўкі і стажыроўкі спецыялістаў, чытанне лекцый, абмен літаратурай, сумесная распрацоўка навуковых праграм і праектаў.

У 2016–2020 гг. інстытут паспяхова завяршыў працу ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016–2020 гг. «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» (навук. кір. — член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар А.А. Каваленя) падпраграмы № 1 «Гісторыя і культура» (навук. кір. — кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.В. Данілавіч).

У цяперашні час праца Інстытута праводзіцца ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2021–2025 гг. «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы» (навук. Рук. – член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар А.А. Каваленя) падпраграмы № 1 «Гісторыя» (навук. Рук. – кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.Л. Лакіза)