Мы здабывалі мір — вам яго берагчы!

<< Вернуться к предыдущей статье
<< ВЕРНУТЬСЯ В НАРОДНУЮ ЛЕТОПИСЬ
Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
ДУА «Мікалаеўшчынскі вучэбна-педагагічны
комплекс дзіцячы сад — сярэдняя
школа імя Якуба Коласа»
Таццяна Леанідаўна Каранеўская
(в. Микалаеўшчына, Стаўбцоўскі раён,
Мінская вобласць)
Даўно адгрымелі выбухі вайны. Ужо не адно пакаленне ведае пра яе толькі па старонках кніг ды фільмах. Жывых жа сведкаў застаецца ўсё менш і менш. Хачу расказаць пра ветэрана вайны, ураджэнца нашай вёскі Мікалаеўшчына.
Міхаіл Міхайлавіч Лёсік нарадзіўся 10 чэрвеня 1920 года ў вёсцы Мікалаўешчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. У гады вайны — радавы 200-га Нёманскага асобнага сапёрнага батальёна 192-й стралковай дывізіі. Узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга». У калекцыі яго ўзнагародаў юбілейныя медалі: «20 год СССР», «30 год СССР», «40 год СССР» і іншыя.
Міхаіл Міхайлавіч Лёсік гадаваўся ў вялікай сялянскай сям’і. Жылі небагата: ці лёгка пракарміць шэсць ратоў? Дзеці рана станавіліся дарослымі. Шасцігадовым хлапчуком пачаў зарабляць уласны хлеб, пасучы статак кароў.
Вучыцца не было часу — скончыў 5 класаў польскай школы, дзе родная мова не была ў пашане. Калі падрос, дапамагаў бацькам у іх бясконцых клопатах. Нарыхтоўка ў лесе карчоў, згадзіцеся, нялёгкая работа для падлетка. У гады акупацыі таксама давялося працаваць на лесанарыхтоўках.
Адразу ж пасля вызвалення Стаўпеччыны 28 ліпеня 1944 г. Міхаіла Міхайлавіча прызвалі ў Чырвоную армію. Разам з 86 (васьмюдзесяццюшасцю) аднавяскоўцамі накіравалі ў запасны полк. Часу на падрыхтоўку маладых навабранцаў практычна не было. З прызваных мікалаўцаў 79 чалавек залічылі ў сапёрны батальён і 7 чалавек (усе 1925 года нараджэння) — у стралковы полк. Міхаіл Міхайлавіч Лёсік сапёрам прайшоў з баямі па Усходняй Прусіі, быў паранены.


Міхаіл Міхайлавіч з франтавымі сябрамі (першы ў другім радзе знізу)


Асабліва жорсткія баі вяліся пад Кёнігсбергам. Яны назаўсёды засталіся ў памяці ветэрана. Тут атрымаў сваю першую ўзнагароду — медаль «За ўзяцце Кёнігсберга». Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі.
Дэмабілізаваўся Міхаіл Міхайлавіч у маі 1946 года. Вярнуўся ў родную вёску. Калі быў арганізаваны калгас «Радзіма Якуба Коласа», стаў адным з першых членаў калектыўнай гаспадаркі, працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак. Працавітасць і адданасць роднай зямлі адзначаны медалём «Ветэран працы».
10 чэрвеня 2020 года Міхаілу Міхайлавічу Лёсіку споўнілася 100 гадоў. Нягледзячы на ўзрост, ветэран ніколі не адмаўляецца ад сустрэчы са школьнікамі, расказвае пра ваенныя падзеі. І не стамляецца паўтараць: «Вайны быць не павінна. Беражыце мір!»